01-04-2009 Менск, Сьвіслач, Чайкі

 Каля абеду, пахмурна, часам сонечна, на пры канцы моцны вецер і споры дождж

Разам з AV і Sirenaю Замест абеду вырашылі паехаць і паглядзець на менскіх чаек. Узялі выдатную трубу на даволі цяжкім штатыве і вырушылі ў самы цэнтар гораду на Нямігу. Сапраўды, чаек было шмат – разам налічылі каля 500 чаек-рыбачак, але толькі дзеля іх не трэба было ехаць амаль поўгадзіны. Амаль усе рыбачкі былі ў шлюбным уборы, зрэдку сустракаліся ў зімовым ці нават у маладым (з карычневымі рулевымі). Вялікіх чаек, на жаль, не было. Некалькі шызых – некаторыя з недалінялым зімовым пер’ем - у гэтым царстве рыбачак сапраўды радавалі вока. Аднак, нарэшце, і нам пашанцавала – прыляцела чайка-чорнакрылка (Larus fuscus), якую зрэдку спрабавалі атакаваць з паветра чайкі-рыбачкі. Паспрабаваўшы здымаць яе праз трубу, я ацаніў істотную розьніцу магчымасьцяў у параўнаньні з маёй. Вось чаму на Захадзе буржуі ды не толькі робяць такія выдатныя здымкі з дапамогай діджыскопінгу – сьвятла навалам ды і наводка на рэзкасьць, дзякуючы двум круцёлкам, выдатная! З надзеяй вызначыць у ёй вялікую марскую чайку мы па чарзе ўважліва разглядалі канцы яе першаступнёвых махавых, калі яна адпаведна паварочвалася да нас бокам. Але белыя кропелькі былі вельмі маленькія, таму ВМЧ з яе не выйшла… Калі вярталіся назад, чайка-чарнакрылка (магчыма, іншая асобіна), падплыла значна бліжэй, і я зрабіў колькі файных фільмікаў з яе ўдзелам – новы від! Іншая орнітафауна не ўражвала ні разнастайнасьцю, ні колькасьцю – 5 лысак і некалькі пар качак-крыжанак напоўніцу вычэрпвалі яе склад.   На здымках: зьверху і першы зьнізу: чайка-чорнакрылка Шызыя чайкі ў рознай ступені лінькі

 

Фотаздымкі

Каментары