05-04-2009 Сажалкі ВА «Гродна-Азот» ля Беражан. Чайкі-рыбачкі і малыя зуйкі

Зранку +10, у абед +20С, сонечна  Разам з AV і старэйшымі з яго сям’і

Дзякуючы іх прыезду атрымалася за паўдня наведаць на машыне два самых адметных месца вакол горада. Пакуль прыехалі на сажалкі, ўжо пачало прыпякаць сонейка. Наша таблічка аб забароне паляваньня на дзіва засталася непашкоджанай. Аднак замест паляўнічых амаль на ўсіх сажалках сядзелі рыбакі. З птушак найбольш было чаек рыбачак – не толькі на вадзе ці ў паветры, але і на зямлі (гл. здымак), разам налічылі іх каля 260. Толькі адзінкавыя асобіны былі яшчэ ў зімовым пяры. Гогалі плавалі на 3-4 сажалках, на меншых па парах і часам такавалі, на найбольшай разам плавалі 11 самак і 4 самца, агулам іх было 16 самак і 8 самцоў. На той жа вялікай сажалцы акрамя іх адзначылі ныркоў-сівакоў: 3 самцы і 1 самка, чубатых ныркоў: 7 самцоў і 6 самак +пара на другой сажалцы, пару крыжанак (+9 птушак на другой). Лебедзі-шыпуны амаль разляцеліся, тут засталося толькі 5 дарослых і 2 маладых птушкі. Адзін раз бухнуў бугай (Botaurus stellaris), аднак на яго выклік ніхто не адгукнуўся і ён, як пераможца, замаўчаў (Першы ў гэтым годзе=ПГГ). На нас, павольна падымаючыся, налятаў самец балотнага луня, вакол ляталі і крычалі 6-7 канюхоў-мышаловаў. З кулічкоў па голасу, а потым у трубу адзначылі 2 куліка-случка, ўзляцеў 1 кулік-чарняк. Як ластаўка-зямлянка без перапынку лятаў малы зуёк (ПГГ), аднак праз хвілін 5 і ён сеў на касу, дзе пачаў бегаць, выглядаючы з падрослых дзьмухаўцоў. Амаль у тым жа месцы сядзеў яшчэ адзін. Кнігаўкі з задавальненьнем такавалі, але іх было не шмат – каля 20. На гэтым першую частку бёдуотчу мы скончылі і не без жалю залезлі ў душную машыну. Нас чакала Грайна! На здымках: зьверху белая пліска, пад тэкстам: пара гагалей кнігаўка і шпакі малы зуёк чайкі-рыбачкі
Фотаздымкі