05-04-2009 Грайна: Лебедзі і чайкі

Сонечна, амаль +20С Разам з AV

На Грайна мы прыехалі амаль у абед. Прачытаўшы пра бакасаў за дамбай, накіраваліся туды. Але кулікоў не было. Агледзеўшы навакольле ў трубу, мы вярнуліся на шашу, адкуль пачулі з 2-3 месцаў сьвіст рэмезаў (Remiz pendulinus) =ПГГ. Па залітаму балоту і над нім ляталі і плавалі чайкі-рыбачкі (каля 150 птушак). Што было нечаканым – з 10 лысак. Лебедзі ўсё яшчэ плавалі бліжэй да ракі, але колькасьць клікуноў паменшала да 2 птушак. За тое пара шыпуноў пачала будаваць гняздо на краю рагозу, дастаючы з пад вады доўгія кавалкі расьлінаў і плюхаючы на месца будучага гнязда. Разам з клікунамі плавалі толькі 4 шыпуна, іншыя разьляцеліся на залітыя Сьвіслаччу прасторы. Невялікія чародкі качак плавалі і пераляталі з месца на месца. З кулічкоў заўважылі толькі случка. Цікава, што за ракой ў канавах-каналах плавалі яшчэ 15 шыпуноў! Разам налічылі іх 26! За Ярмолічамі ў пакрытай вадой нізіне на поле плавалі і ляталі каля 155 чаек-рыбачак, а на яе ўскрайку хадзілі 2 дарослых і 1 малады клікун. Час быў вяртацца, але па-летняму цёплы дзень ужо падарыў нам не толькі ладную порцыю сонца, але і сустрэчы з цікавымі птушкамі і месцамі. Амаль ўсе гнёзды буслоў ужо былі занятыя, на некаторых знаходзіліся нават па 2 птушкі. На здымках: лебедзі-клікуны Лебедзі-шыпуны будуюць гняздо Дарослы клікун
Фотаздымкі