Спала сьпякота і мы вырашылі з’ездзіць на месца, дзе не былі ўжо амаль год.
Хаця знаходзіцца яно не так далёка ад Горадні – каля 30 км, але чамусьці ездзіць туды сярод нашых бёдуотчараў пакуль не надта прынята.
І вось мы на ачышчальных сажалках ля Скідаля.
Першую сажалку, ўбачыўшы нас, дружна пакідаюць качкі-крыжанкі.
З боку вялікага бярозавага гаю то крычыць катом, то флейтай авяльга. Я вырашаю знайсьці яе і ўглядаюся ў лістоту, якая трапеча на ветрыку. Пашанцавала – м у 40 ад нас ярка-жоўтая плямка на адной з бакавых галінак! Я паказваю рукой Алене дзе птушка, а сам стараюся хутчэй знайсьці прыгажуна ў трубу – яшчэ адзін фільмік з такім відам не пашкодзіць. Аднак пакуль я шукаў, Алена ўжо паглядзела на сьпявуна ў бінокль і кажа: “Гэта не авяльга…” Я не магу паверыць, але тут знаходжу птушку ў трубу і – праўда, гэта звычайная стрынатка! Халера, але ж недзе ў лістоце недалёка ад яе працягвае крычаць авяльга. Аднак яе не бачна, і мы вяртаемся да тых, дзеля каго прыехалі – водных і каляводных насельнікаў сажалак.
Вось кулічкі-перавозчыкі прыгожа сядзяць і ходзяць па мёртвых галінах і амаль не баяцца нас – я з задавальненьнем стараюся зьняць іх – бо добрага фільміка з перавозчыкамі пакуль не маю. Не вельмі палохаюцца нас і лыскі. Наа наступнай сажалцы пярэпалах – там праляцела самка балотнага луня. Вось і мае кулічкі не вытрымліваюць збліжэньня з намі і адлятаюць на супрацьлеглы бераг.
І вось нечаканы кулічок у дзіўным месцы – перавозчык стаіць на гняздзе, якое нехта зрабіў на сухіх галінах мёртвага дрэва. Прыглядаюся ў трубу – дык гэта не перавозчык, а кулік-цякун! Зноў здымаю і нечакана трапляю на яшчэ аднаго – пад самым берагам на нахіленым над вадой дрэвам яшчэ адзін цякун. Але гэтага, не гледзячы на адлегласьць у 13-15 м зьнцьц амаль немагчыма – густая расьліннасьць каля стромага берагу не дае адыйсьці, каб добра зьняць праз трубу, а без трубы ён усё ж задалёка стаіць для майго ніканчыка.
Кулічок ведае, што так проста да яго не дабрацца і не адлятае.
На наступных сажалках больш лысак і крыжанак, але менш перавозчыкаў. Вось у баку ад асноўнай дамбы, якая ідзе па перыметру сажалак таксама кіпіць жыцьцё -каля 50 кнігавак, бакасік суне сваю доўгую дзюбу ў мул, бегае кулік-селянец.
Мы сварачваем да “ўваходу” на сажалкі, і тут я нават без трубы бачу, што нам сёньня пашанцавала – недалёка ад маладых чаек-рыбачак м у 60 ад нас плавае і хапае з паверхні жамяру кругланосы плывунчык! Я хуценька навожу трубу і пачынаю здымаць – то фільмікі, а то фоткі. І вось сустрэча задакументаваная і мы проста атрымліваем задавальненьне ад характэрных і быстрых рухаў кулічка. Гэта і для мяне, і для Алены – другая сустрэча з гэтым відам. Каля яго плаваюць самкі з вывадкамі ныркоў-сівакоў і самцы, адзінкавая пара чубатых ныркоў, малыя і шэрашчокія коўры, лыскі. Але цэнтр нашай увагі, канешне, гэты самы невялікі сярод усіх паўночны госьць.
Female of Pochard (Aythya ferina) with brood at cleaning ponds near Skidal, Western Belarus.
Нырок-сівак з качанятамі на ачышчальных сажалках ля Скідаля, Гарадзеншчына.
На большай сажалцы, падзеленай на кавалкі стужкамі аеру плаваюць больш за 200 качак-крыжанак. Недалёка да іх я заўважаю качку-лапаноску з жоўтым вокам – самец-экліпс. Але пакуль я шукаю яго ў трубу, ён заплывае за расьліннасьць і добра зьняць яго не атрымліваецца.
Я вяртаюся да першых сажалак – з самай крайняй узлятае некалькі чырак, аднак супраць сонца я іх не магу вызначыць да віду.
Абыходжу сажалку з плывунчыкам з другога боку і зноў назіраю за ім – ён бліжэй, але ўсё роўна далёка, каб зрабіць прыстойны здымак.
Усё яшчэ з добрым настроем ад сустрэчы з кулічком, мы пераязжаем на наступны пукт нашага бёрдынгу – на натуральныя сажалкі ў паніжэннях поля каля в.Абухавічы.
Цікава, што поле ўжо ўбралі, і паўсюль прыгожымі цыліндрыкамі з цюкоў саломы яно падлзелена на кавалкі. А вось і першая калужына – бо рэшткі сажалкі, якая паменьшылася ў некалькі разоў гэта назваць інакш цяжка. На беразе мітусяцца 4 вялікіх грыцука! Каля іх павялічанай копіяй стаіць шэрая чапля, а зьнізу бегаюць малыя зуйкі і бакас правярае мул бліжэй да нас.
Я павольна падыходжу, паступова набліжаючыся да птушак і хаваючыся за цюкі з саломай.
Але доўга кулікі не вытрымліваюць, бо чаплі адляцелі нашмат раней, і таксама зрываюцца.
Я не растройваюся – наперадзе вялікая сажалка, куды, напэўна, і перабраліся кулікі.
Тут усё паўтараецца. Праўда, грыцукоў тут ужо 5, шмат цякуноў, якія час ад часу пералятаюць на новае месца з крыкамі, ёсьць селянец, перавозчык, некалькі бакасаў і малых зуйкоў. Але я не гляджу на кулічыную драбноту – мая мэта добра зьняць вялікіх грыцукоў. Я павольна набліжаюся да берагу і здымаю – кулікі галодныя – увесь час хутка ходзяць амаль па “пояс” у вадзе й апускаюць галаву з доўгай дзюбай у ваду. На такой глыбіні ў іх няма канкурэнтаў, бо іншыя трымаюцца каля самага берагу.
Фоцік даўно паказвае, што батарэя разрадзілася, але я здымаю і здымаю. І вось аб’ектыў заехаў у корпус – батарэя села.
Аднак і грыцукі зьнятыя – і мы вяртаемся ў горад з новымі ўражаньнямі і фільмікамі.
Black-tailed Godwits (Limosa limosa) feeding at natural ponds near Abuhavichy, Hrodna region, Western Belarus.
Вялікія грыцукі харчуюцца на вялікай калужыне ля в.Абухавічы, Гарадзеншчына, Беларусь.
На здымках:
Зьверху - самец (?) кругланосага плывунчыка
Перавозчыкі
Цякун на прысадзе і на нечыім гняздзе
Бліжэйшы да сажалак завод
У некаторых сажалках вада такога вось гламурнага колеру
Кругланосы плывунчык
Калужыны каля Абухавічаў з вялікімі грыцукамі і іншымі птушкамі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
АВ (госць) - 31.07.2010 - 10:45
пейзаж с ссаломай і птушкамі
biot1 (госць) - 31.07.2010 - 11:58
In reply to пейзаж с ссаломай і птушкамі by АВ (госць)
Поздравляю с плавунчиком!
Harrier - 31.07.2010 - 12:49
In reply to Поздравляю с плавунчиком! by biot1 (госць)
biot, дык хто на здымках -
biot, дык хто на здымках - самец ці самка плывунчыка?
Harrier - 31.07.2010 - 12:52
In reply to biot, дык хто на здымках - by Harrier
Усе здымкі з птушкамі -
Усе здымкі з птушкамі - digiscoping, г.зн. зроблены фоцікам праз трубу. А на такой адлегласьці з маёй трубой зрабіць іх рэзкімі цяжкавата. Таму яны збольшага тэхнічныя -адлюстраваць цікавыя моманты-птушак.