Такое нечаканае пытаньне, вынесенае ў назву Назіраньня, я задаваў сабе пасьля нашай кароткай выправы ў пойму спрамленай ракі Лазоўка.
Справа ў тым, што мая жонка Алена перад выездам на птушак на Казіміроўку паставіла ўмову: хачу ўбачыць гілёў.
Я ж хацеў праверыць ці засталіся там палявыя луні. Прыйшлося выкручвацца. Па мінулагодніх зімовых выправах туды я ведаў, што гілей мы з вялікай імавернасьцю зможам сустрэць у парку пасёлка торфабрыкетнагa заводу. А для гэтага трэба было ехаць трошкі інакш і выходзіць зусім не там.
Атрымалася стоадсоткавае пападаньне: мы пад'eхалі ў парк, і там над намі харчаваліся насеньнем явару каля 10 гілёў. Прыкладна 8 самцоў сьвяціліся сваімі ярка-чырвонымі грудкамі і белымі падхвосьцямі, час ад часу пералятаючы. Для добрага здымку птушкі былі завысока. Але разглядаць іх у трубу было сапраўдным задавальненьнем.
Першае жаданьне было выканана. Настаў час на другое.
Лена паехала вакол торфабрыкетнага завода каб трапіць на патрэбную нам дарогу ў пойму, я ж з сабачкам рушыў наўпрост праз яе і засьнежаныя палі.
Птушак было не шмат.
Хаця было ад 0 да -2 і невялікі сьнег, нават крумкачы ляталі і крумкалі неяк вяла і неахвотна. Канюхі ж ў асноўным сядзелі на кратавінах, а то і наўпрост на сьнезе.
Мае шматразовыя кругавыя агляды мясцовасьці ў трубу пазітыўнага выніку не далі - лунёў не было.
Сьпіс адзначаных птушак:
Парк:
гіль - 10
пойма:
касматаногі канюх -5
канюх sp. - 4
крумкач - 5
сарока -3
шэр.варона - 2
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ