Бёдуотч без бінокля, або чаму не такавалі гогалі (+video)

У самым цэнтры Горадні перад старым мастом утварыліся дзьве прамыіны, вольныя ад ільду.

Ўчора на першай, даўжэйшай, плавалі і харчаваліся, рэгулярна ныраючы каля 10 гагалей.

Сёньня я вырашыў паздымаць іх з берагу.

Пераходзячы на другі бок Нёмана праз мост я заўважыў, што ў першай прамыіне няма ніводнай птушкі, а ўсе яны перабраліся далей ад маста на амаль у два разы меншую.

Я стаў насупраць іх за стоўб, потым прысеў і пачаў здымаць.

 

www.youtube.com/watch?v=NLoAcAv6lkY 

Адлегласьць была, напэўна, дастатковая для таго, каб яны пачуваліся бяспечна і ніводная з 8 птушак пад час майго поўгадзіннага падгляду не адляцела.

Цікава было назіраць, як час ад часу птушкі вынырвалі з невялікімі, амаль акруглымі ракавінамі-малюскамі, нецярпліва паласкалі іх і .. праглыналі.

Можа хто ведае, што гэта можа быць за малюск(і)?

Я здымаў і здымаў, не задумваючыся - а чаму ж гогалі не такуюць?

І толькі калі прыйшоў дахаты і перакідваў здымкі на кампутар, успомніў, што і сапраўды, ніводнага "зір-зір" з запракідваньнем галавы не было!

Але пад час прагляду здымкаў усё атрымала вытлумачэньне - сярод птушак не было ніводнай самкі - палова былі дарослыя самцы, а другая - маладыя ў рознай ступені лінькі ў дарослых самцоў. Таму і такаваць ім не было перад кім!