Новае даследаванне знайшло, што старыя альбатросы нашмат больш эфектыўна шукаюць ежу пад час міграцыі і маюць большыя шанцы паспяхова выгадаваць птушанят, чым маладыя птушкі.
Даследаванне праводзіла брытанская каманда навукоўцаў з British Antarctic Survey, якой дапамагалі калегі з універсітэту Кэмбрыджа і Цэнтра даследаванняў навакольнага асяроддзя шатландзкіх універсітэтаў. Яны забяспечылі больш 80 вандруючых альбатросаў (Diomedea exulans) вядомага ўзросту – ад 8 да 33 гадоў - невялічкімі геалакатарамі. Гэтыя прылады акрамя стандартных для іх дадзеных – даты і працягласці светлай часткі сутак (па якіх потым можна вылічыць прыкладныя каардынаты месцазнаходжання птушкі), таксама запісвалі колькасць прывадненняў альбатросаў. Кожнае з іх прымалася як спроба злавіць ежу.
Д-р Томмі Клэй (Dr. Tommy Clay), з British Antarctic Survey, сказаў:
"Альбатросы могуць жыць больш 50 гадоў. У адрозненне ад большасці іншых вядомых нам відаў, імавернасць паспяхова выгадаваць птушанят у іх павялічваецца з узростам, а не змяншаецца. Да нашага даследавання было незразумела – чаму?
Мы сфакусавалі ўвагу на перыядзе міграцыі, калі птушкі праводзяць каля году далёка ад месца гнездавання ў адкрытым акіяне. Пад час яго яны ўзнаўляюцца пасля папярэдняга перыыяду размнажэння і рыхтуюцца да наступнага. І ў нас атрымалася знайсці цікавую заканамернасць, звязаную з узростам птушак: старэйшыя птушкі нашмат радзей сядаюць на паверхню акіяна ў параўнанні з маладымі. З-за таго, што потым узняцца ў паветра такой вялікай птушцы каштуе шмат энергіі, атрымалася, што старэйшыя птушкі нашмат больш эфектыўна палююць на асміногаў ці рыбу.
Мы спачатку думалі, што адзначанае намі меншая колькасць спажыванняў ежы можа быць звязаная з меншымі запатрабаваннямі старэючага арганізму птушак, аднак насамрэч аказалася, што старэйшыя птушкі маюць большы поспех гнездавання. Гэта б значыла, што яны проста больш эфектыўна выкарыстоўваюць энергію”.
Таксама атрымалася вызначыць склад здабычы альбатросаў па асаблівасцях хімічнага складу іх пер’я. Праф. Рычард Філіпс (Prof. Richard Phillips), сааўтар публікацыі, сказаў:
"Хаця мы знайшлі выразныя адрозненні ў паляўнічай актыўнасці птушак рознага ўзросту, знайсці адрозненні ў складзе харчавання не атрымалася. Гэта б сведчыла пра тое, што старэйшыя птушкі харчуюцца тымі самымі тыпамі здабычы, што і маладыя, аднак першыя нашмат лепш умеюць шукаць і лавіць яе.”
Крыніца:
Thomas A. Clay et al. Age-related variation in non-breeding foraging behaviour and carry-over effects on fitness in an extremely long-lived bird, Functional Ecology (2018). DOI: 10.1111/1365-2435.13120
Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца!
Самая старая ў Свеце птушка загнездавала ізноў!
Самая старая ў Свеце дзікая птушка, якой каля 70 гадоў, ізноў адклала яйка!
Знакамітая шатландзкая Lady ізноў выгадавала птушаня
Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак
Неверагодны рэкорд доўгажыхарства ад куліка-крыўка
Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ