Арыштаваны чалавек, абвінавачаны ў масакры драпежных птушак у Аўстраліі

Пасля таго, як раней сёлета былі знойдзены парэшткі ажно 136 клінахвостых арлоў (Aquila audax), пачаліся маштабныя пошукі віноўных, якія скончыліся цяпер арыштам падазраванага. Як аказалася, ён як мінімум на працягу апошніх двух гадоў выкарыстоўваў атручаныя прынады для забойства драпежных птушак у розных маёнтках у наваколлі Tubbut (штат Вікторыя, Аўстралія).

Раследаванне, у якім удзельнічала амаль 30 чалавек, прывяло да абвінавачанага. Паводле Акта штата аб дзікай прыродзе, за забойства аднаго клінахвостага арла можна атрымаць штраф да амаль 8 тысяч аўстралійскіх даляраў і да 6 гадоў турэмнага зняволення. Расследаванне працягваецца, паліцыя шукае і збірае доказы.

Дэпартамент штата Вікторыя па навакольнаму асяроддзю, зямлі і вадзе (DELWP) ужо прызнаў масавае забойства драпежных птушак самым маштабным у гісторыі штата і паведаміў, што насамрэч колькасць атручаных арлоў можа быць значна большай. Адзінай магчымай прычынай падобных дзеянняў можна лічыць страх мясцовых фермераў страціць сваё быдла – яны лічаць, што арлы могуць на яго паляваць.

Парэшткі арлоў былі знойдзеныя схаванымі ў бушы на тэрыторыі прыкладна ў 2 тысячы гектараў.

Клінахвосты арол – самы вялікі пярнаты драпежнік Аўстраліі. Ён насяляе разнастайныя месцапражыванні, у асноўным адкрытыя прасторы з пералескамі на поўдні і ўсходзе кантыненту.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Расследаваць злачынствы супраць дзікіх птушак стане лягчэй

Галубевод за атручванне сокала-падарожніка трапіць у турму

У Польшчы застрэлены малады чэшскі арол-маркут

У Нагалэндзе больш не забіваюць амурскіх сокалаў-шулёнкаў + VIDEO

Калекцыянер птушыных яек не зможа шкодзіць птушкам бліжэйшыя 10 год

У Брытаніі асуджаны калекцыянер яек - рэцыдывіст