Лясныя сцежкі, якія рэгулярна выкарыстоўваюцца людзьмі, прыводзяць да меншай відавой разнастайнасці птушак навокал і іх меншай колькасці. Нават калі сцежкі выкарыстоўваюцца дзесяцігоддзямі, гэты адмоўны эфект фактычна не змяншаецца – як мінімум некаторыя віды ўсё роўна пазбягаюць знаходзіцца побач з імі.
Адпачынак на прыродзе становіцца ўсё больш і больш папулярным практычна па ўсяму свету. Асабліва гэта заўважна вакол вялікіх гарадоў. Навакольныя лясы як пыродныя экасістэмы часта выкарыстоўваюцца для бегу, хадзьбы, прагулак з сабакамі, на роварах ці конях. Аднак многія віды дзікіх жывёл успрымаюць чалавека як небяспечнага патэнцыйнага драпежніка. Амаль усе вышэй пералічаныя нашы актыўнасці адбываюцца там, дзе былі створаны сцежкі ці лясныя дарогі. А менавіта яны праходзяць у межах гнездавых участкаў птушак ці месцапражыванняў іншых жывёл, або размяжоўваюць іх.
Работа была зрэалізаваная камандай швайцарскіх даследчыкаў. Чатыры шырокалісцевых леса, якія былі абраныя для параўнання, знаходзіліся на рознай адлегласці ад рознага памеру швайцарскіх гарадоў, але ва ўсіх іх была дзесяцігоддзямі створаная параўнальна густая сетка сцяжынак і грунтовых дарог. Аднак апошнія маглі выкарыстоўвацца толькі для бегу ці выкарыстання ровараў, - праезд аўтамабіляў там быў забаронены.
Мэтай даследавання было аддзяліць эфекты зменаў у расліннасці і структуры месцапражыванняў ад эфектаў рэгулярнага выкарыстання сцежак чалавекам на супольнасці лясных відаў птушак. Такім чынам, параўноваліся вынікі ўлікаў, якія праводзіліся ў двух лясах, якія часта наведвалі людзі з іншымі двума, якія наведваліся значна менш.
У кожным лесе праводзілі парныя кропкавыя ўлікі бліжэй (да 50 м) і далей (50-120 м) ад сцежак. Было знойдзена, што ў абодвух лясах з вялікай рэкрэацыйнай нагрузкай як шчыльнасць птушак, так і відавое багацце было меншым бліжэй да сцежак у параўнанні з далей размешчанымі ад іх месцамі: адпаведна на 13 і 4%. Падобнай залежнасці не было знойдзена ў лясах з невялікай рэкрэацыйнай нагрузкай.
"Мы паказалі, што лясныя птушкі даволі выразна пазбягаюць суседства чалавека і што ў некаторых відаў гэтыя паводзіны не змяняюцца нават праз дзесяцігоддзі” – сказаў д-р Івс Бётч (Dr Yves Bötsch), галоўны аўтар артыкулу. "Гэта важна зразумець, таму што антрапагенная нагрузка на прыродныя месцы павялічваецца, а забароны і абмежаванні часта ігнаруюцца”.
Зразумела, што не ўсе віды птушак аднолькава адносіліся да турбавання чалавекам. Бётч пракаментаваў гэта так: "Віды з высокай адчувальнасцю да чалавека, якая звычайна мераецца па адлегласці адлёту (flight initiation distance) – адлегласці, на якую птушка максімальна падпускае чалавека перш, чым адляцець, паказалі большую негатыўную залежнасць ад сцежак нават у тых лясах, дзе людзі зрэдку імі карысталіся. У гэтую групу ўваходзяць канюх-мышалоў (B. buteo) і шуляк-карагольчык (Accipiter nisus), лясныя віды галубоў і дзятлы”.
Каб абмежаваць негатыўнае ўздзеянне чалавека на лясных птушак, неабходна абмежаваць пракладку новых сцяжынак і сачыць за збочваннем людзей з тых, што ўжо выкарыстоўваюцца імі і прапанаваць не рабіць гэтага адмысловымі знакамі-напамінамі.
Крыніца:
Bötsch, Y, Tablado, Z, Scherl, D, Kéry, M, Graf, R F, & Jenni, L. 2018. Effect of Recreational Trails on Forest Birds: Human Presence matters. Frontiers in Ecology and Evolution. doi: 10.3389/fevo.2018.00175.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак чубатай сініцы Віталя Некрашэвіча
На гэтую тэму:
Прайграванне галасоў птушак можа ім шкодзіць
Enjoy the silence
Птушкі не хочуць пералятаць праз дарогі
Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх
У маладых лясах-пасадках у птушак большы стрэс і смяротнасць
У ШАТЛАНДЫІ ТЭРАПЕЎТЫ ПАЧАЛІ ПРАПІСВАЦЬ ПАЦЫЕНТАМ БЁРДУОТЧ!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ