Дарогі па розных прычынах нездарма лічацца адной з пагроз для біяразнастайнасці. Тыя жывёлы, якія адважваюцца перасячы іх, часта становяцца ахвярамі аўтамабільнага ці іншага руху. Аднак яшчэ да нядаўняга часу лічылася, што ў адрозненне ад прадстаўнікоў іншых таксонаў, дарогі не аказваюць значнае ўздзеянне на птушак таму, што яны могуць пералятаць іх на бяспечнай вышыні.
Аднак новае даследаванне, выкананае ў Аўстраліі, паказвае, што гэта ўяўленне памылковае. Птушкі не толькі стараюцца менш трымацца каля дарог, але і перасякаць іх не любяць.
"Мы назіралі менш і відаў, і асобін птушак кожнага віду каля дарог. У дадатак, яны не вельмі любілі перасякаць іх”- сказаў Крыстофер Джонсан (Christopher Johnson), які рабіў даследаванне ў якасці дыпломнай працы ва ўніверсітэце Griffith (Брысбейн, Аўстралія). "Мы знайшлі, што дробныя лясныя віды найбольш баяцца дарог, нават вузкіх”.
Дасведчаны бёрдуотчар, Джонсан правёў шмат гадзін, запісваючы птушак, якіх ён адзначыў уздоўж дарог і тых, якія перасякалі іх у прыгарадах Брысбейна. Перад пачаткам назіранняў ён упэўніваўся, што расліннасць па абодвух баках дарог аднолькавая, таму што ў гэтых выпадках большая імавернасць таго, што птушкі могуць перасячы дарогу. Атрыманыя вынікі параўноўваліся са складам і колькасцю відаў птушак, адзначаных у 100м паласе ўздоўж дарог.
"У нашай рабоце мы правяралі ўздзеянне на птушак дарог рознай шырыні (двух-, чатырох і шасціпалосых). Дадаткова аналізавалася умоўная прыналежнасць птушкі да адной з груп у залежнасці ад памераў цела і сувязі з лесам (лясныя віды, медаеды і сінантропныя віды разглядаліся асобна)” – сказаў Джонсан.
Вынікі не былі здзіўляючымі: чым больш шырокай была дарога, тым менш відаў і асобін яе перасякала. Прычым самай нешматлікай групай з тых, якія пераляталі дарогі, аказаліся лясныя птушкі дробнага памеру.
Аўтары прапануюць некалькі магчымых тлумачэнняў сваім назіранням. Па-першае, лясныя віды птушак могуць баяцца вылятаць на адкрытыя месцы з-за таго, што больш баяцца там драпежнікаў. Па другое, канец расліннасці каля дарогі можа ў большасці выпадкаў азначаць заканчэнне адной птушынай тэрыторыі і пачатак іншай, чужой. Прычым некаторыя тэрытарыяльныя і агрэсіўныя віды птушак часта выкарыстоўвалі менавіта прыдарожную тэрыторыю для тэрытарыяльных дэманстрацый.
Аўтары публікацыі рэкамендуюць па-максімуму злучаць паміж сабой лясы, якія знаходзяцца з абодвух бакоў дарог адмысловымі пераходамі каб забяспечыць дзікім жывёлам магчымасць перасоўвацца паміж імі без небяспечных для іх жыцця перашкодаў.
Крыніца:
Christopher D. Johnson et al (2017) Birds and Roads: Reduced Transit for Smaller Species over Roads within an Urban Environment, Frontiers in Ecology and Evolution . DOI: 10.3389/fevo.2017.00036
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж.
На гэтую тэму:
Птушкі ведаюць, з якой хуткасцю павінны ездзіць аўтамабілі
Вяртанне птушак ва ўзноўленыя дажджавыя лясы магчымае?
Людзі перашкаджаюць птушанятам чуць бацькоў
Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ