Птушкі ведаюць, з якой хуткасцю павінны ездзіць аўтамабілі

 Птушкі могуць надаваць больш увагі абмежаванням хуткасці аўтамабіляў, чым некаторыя кіроўцы. Новае даследаванне паказала, што некаторыя віды птушак, распаўсюджаныя ў Еўропе, могуць аценьваць сярэднюю хуткасць аўтамабіляў, каб сваечасова ўзляцець з дарогі. 

У артыкуле, апублікаваным у часопісе Biology Letters, навукоўцы правяралі ці птушкі, якія знаходзяцца на ўзбочыне, аценьваюць адлегласць узлёту па хуткасці, з якой рухаецца машына, ці па абмежаванню хуткасці на дадзенай дарозе.

Эталагічныя адаптацыі (звязаныя са зменамі ў паводзінах) могуць дапамагаць многім відам існаваць у асяроддзі, змененым чалавекам. Дарогі і рух на іх уздзейнічаюць на смяротнасць многіх відаў жывёл. І адбываецца гэта не толькі дзякуючы значным зменам у асяроддзі пад час будовы і эксплуатацыі дарог, але таксама і з-за сутыкненняў аўтатраспарту з жывёламі, пад час якіх яны гінуць або атрымліваюць траўмы. 

Хаця розныя віды і групы жывёл вядомыя рознай адчувальнасцю да рызыкі быць збітымі машынамі, ці могуць індывідуальныя птушкі мяняць свае паводзіны ў халежнасці ад рознага руху на дарогах было не вядома. 

Канадзкія навукоўцы з McGill University вырашылі праверыць, ці звычайныя еўрапейскія віды птушак змяняюць  адлегласць узлёту перад аўтамабілем у залежнасці ад абмежаванняў хуткасці на дарогах і хуткасці аўтамабіля? Калі б птушкі змяншалі дыстанцыю ўзлёту перад аўтамабілямі з невялікай хуткасцю, гэта не толькі б павялічвала іх час на харчаванне ці на збор гастралітаў на ўзбочыне, але і не павялічвала б смяротнасць птушак ад сутыкненняў з машынамі. Мабільнасць і памер тэрыторыі як асобных відаў, так і асобных птушак падаюцца тымі фактарамі, якія ўздзейнічаюць на здольнасць адаптавацца да мясцовых абмежаванняў хуткасці на дарогах. 

Самец чорнага дразда. Здымак Мікалая Гулінскага

Пад час побыту ў Францыі П’ер Легагно (Pierre Legagneux), канадзкі біёлаг, пачаў адсочваць на якой адлегласці птушкі ўзлятаюць перад яго машынай на розных дарогах, дзе абмежаванне хуткасці змянялася ад 20 да 110 км у гадзіну. Выкарыстоўваючы секундамер, П’ер засякаў час ад узлёту птушкі перад яго аўтамабілем і да таго моманту, як яго машына праедзе месца, адкуль птушка ўзляцела. Ведаючы хуткасць руху аўтамабілю, было нецяжка вылічыць дыстанцыю ўзлёту. 

Такім чынам, Легагно і яго калега Сімон Дукатэз (Simon Ducatez) з McGill University, знайшлі, што многія птушкі – галоўным чынам чорныя вароны (Corvus corone), дамовыя вераб’і (Passer domesticus) і чорныя дразды (Turdus merula) – узляталі перад машынай раней там, дзе абмежаванне хуткасці было меншым. Яшчэ больш цікавым падаецца тое, што птушкі, здаецца, не рэагавалі на сапраўдную хуткасць аўтамабіля: "яны рэагавалі таксама незалежна ад хуткасці машыны”. 

Каб растлумачыць гэта, даследчыкі кажуць пра камбінацыю двух фактараў. Па-першае, гэта мог быць вынік дзейнасці натуральнага адбору, калі тыя птушкі, якія не ўзляталі на адпаведнай адлегласці, папросту загінулі. Па другое, такія паводзіны могуць быць вынікам таго, што птушкі навучыліся адрозніваць дарогі з рознай хуткасцю руху на іх. І для іх лягчэй і надзейней рэагаваць аднолькава (ўзлятаць на прыкладна такой самай адлегласці ад аўтамабіля) на ўчастках дарог з аднолькавым абмежаваннем хуткасці руху, чым штораз аценьваць магчымую хуткасць машын.

Цікавыя вынікі, атрыманыя навукоўцамі, могуць дапамагчы зрабіць дарогі больш бяспечнымі – для гэтага трэба па магчымасці пазбягаць на аднолькавых дарогах у той жа мясцовасці розных абмежаванняў хуткасці. Бо інакш можа прайсці шмат часу і загінуць шмат птушак, пакуль яны пачнуць адрозніваць дарогі і пазбягаць сутыкненняў з аўтатранспартам. 

Крыніца:

Legagneux, P., & Ducatez, S. 2013. European birds adjust their flight initiation distance to road speed limits. Biology Lettersdoi: 10.1098/rsbl.2013.0417.

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі  

Верхні здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

ГУСІ ЗДОЛЬНЫЯ АБЛЯТАЦЬ ВЕТРАНЫЯ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ

 

”ГАРАДЗКІЯ” І “СЕЛЬСКІЯ” ПТУШКІ МОГУЦЬ НЕ ПАЗНАВАЦЬ АДНЫ АДНЫХ

 

ГАРАДСКІЯ ПТУШКІ МАЮЦЬ КАРЫСЦЬ АД КУРЫЛЬШЧЫКАЎ

 

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў