Шэрых драздоў (Turdus viscivorus), якія на лаціне і ў многіх іншых мовах называюцца дразды-амялушнікі, я звычайна добра калі бачу 1-2 разы ў год. І часцей за ўсё гэта адбываецца або ўвосень, або ўзімку пад час абароны дрэва з іх ежай. І гэта звычайна або рабіна, або амяла.
Так атрымалася і ў гэты раз. Я ўжо вяртаўся дахаты па краю парку, калі яшчэ здалёк пачуў гучнае і амаль няспыннае стракатанне і амаль адразу пазнаў яго - гэта і турбаваўся, і такім чынам адганяў ад нечага смачнага іншых прэтэндэнтаў шэры дрозд:
Хутка стала не толькі чутно, але і бачна яго - птушка пералятала ад двух вялізных кусцікаў амялы на некалькі метраў у розныя бакі і амаль адразу вярталася назад, да амялы з яе ягадамі, каб праз некалькі секунд усё паўтарылася. Не адразу, але я заўважыў і прычыну абароны ежы - гэта былі дразды-піскуны (T. pilaris), якія моўчкі пераляталі значна ніжэй з дрэва на дрэва ў некалькіх метрах ад дрэва, якое шэры дрозд лічыў выключна сваім. Даволі хутка яны зніклі і гаспадар вярнуўся і, магчыма, задаволена ласаваўся тым, што абараніў - ягадамі амялы. Але пра гэта ўжо можна было толькі здагадвацца - птушку праз густыя і зялёныя галінкі амялы было амаль не бачна, як і тое, што яна там робіць.
Не менш цікава, што гэты 'гарлапан' вывеў мяне на ... невялікую групку звычайных шпакоў (Sturnus vulgaris), якія сядзелі праз некалькі дрэваў збоку ад яго. Хаця спачатку мне здавалася, што іх больш, але насамрэч іх аказалася 8. Пакуль я назіраў за абаронай амялы, шпакі некуды адляцелі. І каб я не апынуўся ў адпаведны час у адпаведным месцы і адразу не паздымаў іх, то і не зрабіў бы сваю першую зімовую рэгістрацыю віда непасрэдна ў горадзе.
Гродна, 17-12-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ