Разнастайных пладоў і ягад навокал яшчэ шмат, да зімы параўнальна далёка, таму для мяне было дзіўна ўбачыць амаль 'пустыя' высокія дрэвы рабіны ў скверыку. І з-за таго, што даволі шмат ягад ляжала на зямлі, было зразумела, што гэта не неўраджайны год, а менавіта мэтанакіраванае з'ядзенне чырвона-аранжавых ягад.
Даволі хутка стала вядома хто 'стаіць' за гэтым знікненнем ягад. Аказалася, што час ад часу шэрыя вароны (Corvus (corone) cornix) прылятаюць на высокія, але параўнальна тонкія дрэвы і з цяжкасцю, але ўпарта стараюцца дацягнуцца да амаль апошніх ягад.
Яшчэ больш нечаканым для мяне стала назіранне адной з варон, якая набірала поўную дзюбу рабін з зямлі і ... хавала у некалькі метрах ад места іх збору пад апалым лісцем дуба.
Як аказалася, не ўсе былі згодныя з паводнымі паводзінамі варон. На наступны дзень пасля маіх назіранняў варон з ягадамі, я пачуў амаль над сабой на бліжэйшай да мяне рабіне гучны трэск. Аказалася, што два шэрыя дразды (Turdus viscivorus) яўна пратэставалі супраць дзеянняў вароны, якая няўпэўнена седзячы на тонкай галінцы, усё роўна цягнулася за ягадамі.
Я і раней бачыў тут шэрага дразда, але не здагадваўся, што рабіна можа быць настолькі важнай для іх, што яны будуць яе адкрыта бараніць ад нашмат большых канкурэнтаў. Ягады рабіны хутчэй за ўсё былі для варон нечым падобным на дэсерт, тады як для драздоў маглі быць ужо цяпер ці стаць у бліжэйшай будучыні асноўнай ежай.
Гродна, 09-10.10.2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ