Пасля абеду і начнога марозу ўсё больш упэўнена пачало мінаць аблокі сонца і вада стала мякка-блакітнай, вельмі падобнай на неба над ёй. А вялікія савукі (Mergus merganser) пачалі ў рознай колькасці і з рознымі мэтамі заплываць у вусьце Гараднічанкі. І, значыць, апыналіся недалёка ад мяне.
Тыя з іх, што рыбачылі, выкарыстоўвалі 2 звычайныя тэхнікі. Там, дзе было неглыбока ці не хацелася ныраць, яны апускалі пад ваду толькі вочы і назіралі за магчымымі рухамі рыбы пад сабой. А дзе гэта было безсэнсоўна, ныралі.
Адна з самак вынырнула з невялікай рыбкай у дзюбе, якую некалькі секунд не магла праглынуць. Я ўжо па ранейшых назіраннях ведаў у чым праблема. Справа была ў тым, што яна злавіла шчыпоўку (Cobitis taenia) - невялікую рыбку з ўюновых, у якой пад вачыма размешчаны іголкі. Яна можа іх трымаць складзенымі, а можа раскладваць. І тады, перпендыкулярна паверхні галавы і цела гэтыя іголкі першкаджаюць яе праглынуць. Але з 4 ці 5 спробы самка савука справілася з гэтым.
А вось іншая, метрах у 30 ніжэй па плыні Нёмана, вынырнула з рыбкай пабольш. І я першыя некалькі секунд не мог разглядзець хто гэта, бо птушка трымала яе амаль цалкам у вадзе. Аднак хутка аказалася, што гэта быў джгір, або ёрш (Gymnocephalus cernuus), які і не думаў здавацца. Ён падняў свой спінны плаўнік такім чынам, што калючкі не давалі самцы савука праглынуць яго. І колькі яна не папраўляла здабычу, лягчэй ёй не станавілася і прыкладна праз хвіліну ёрш быў выпушчаны назад у раку.
Гродна, 24-12-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ