Вяртанне птушак ва ўзноўленыя дажджавыя лясы магчымае?

 Нядаўна былі апублікаваныя добрыя навіны з Амазоніі: знішчаны трапічны лес можа паволі ўзнавіцца і лясныя віды птушак, якія перад тым пакінулі гэтыя месцы, могуць пачаць ізноў выкарыстоўваць яго. Работа была апублікаваная ў часопісе The Auk

Паміж 1992 і 2011 гг. камандa даследчыкаў з Луізіанскага дзяржаўнага ўніверсітэту пад кіраўніцтвам Філіпа Стаўфэра (Philip Stouffer) адсочвала перамяшчэнні птушак праз моцна фрагментаваны дажджавы лес у бразільскай частцы Амазоніі. Выкарыстоўваючы адмысловыя арніталагічныя сеткі, яны злапалі амаль 4 тысячы птушак розных відаў на мяжы рэшткаў лесу і ачышчаных ад лесу кавалкаў, а таксама паміж старым лесам і тым, які пачаў узнаўляцца пасля таго, як уладальнікі ранчаў пакінулі іх. 

Пасля таго, як малады лес пачаў сталець, птушкі пачалі перасякаць межы паміж ім і старым лесам больш часта. 

Работа праводзілася як частка праекту па Біялагічнай дынаміцы лясных фрагментаў (Biological Dynamics of Forest Fragments Project), - найбуйнейшым і самым працяглым вывучэннем вынікаў фрагментацыі месцапражыванняў у Свеце. Праект пачаўся ў 1979 годзе, калі дажджавы лес сістэматычна высякаўся і спальваўся на рознай велічыні фрагментах. Пасля таго, як лес пачынаў самастойна ўзнаўляцца, яго частка таксама высякалася да 1990 году, каб праверыць як уздзейнічае ўзрост лесу на экасістэму. Праект праводзяць супольна Смітсоніанскі інстытут трапічных даследаванняў (Smithsonian Tropical Research Institute) і Нацыянальны бразільскі інстытут даследавання Амазоніі (Brazil 's National Institute for Amazonian Research). 

Пасля знішчэння лесу ранчэрамі і леснікамі, птушыныя папуляцыі засталіся толькі ў астраўках першаснага лесу. “Многія віды лясных птушак неахвотна лятаюць.” – сказаў галоўны аўтар публікацыі Люк Л. Паўэл (Luke L. Powell). "Калі для іх перамяшчэння існуюць яўныя межы: напрыклад, пашы ці невысокі падрост маладога лесу ці нават дарогі, такія віды апынаюцца ў сапраўднай ізаляцыі”. 

Калі людзі кідаюць выкарыстаныя імі абезлесеныя землі, дажджавы лес можа павольна вярнуцца на іх. Птушкі пачынаюць выкарыстоўваць такія кавалкі маладога лесу асабліва тады, калі яны знаходзяцца паміж кавалкамі старага лесу. Незразумела, калі новы лес сам па сабе становіцца адпаведным месцам пражывання для лясных відаў. Аднак яго ўчасткі служаць бяспечнымі карыдорамі пад час часовых перамяшчэнняў ці каланізацыі птушкамі іншых кавалкаў старага лесу, аддзеленых адзін ад аднаго або замалымі, каб падтрымліваць уласныя папуляцыі. 

Даследчыкі маюць надзею, што праз нейкі час яны змогуць злапаць паміж старым і маладым лесам столькі ж відаў, як і ў непарушаным першасным лесе. Большасць відаў пачынае выкарыстоўваць малады лес праз 13-34 гады пасля яго ўзнаўлення. Ў сярэднім, птушкі лятаюць праз яго ўжо праз 26 год пасля пачатку яго аднаўлення. Аднак некаторыя віды і праз тры дзесяцігоддзі так і не былі зарэгістраваныя перасякаючымі межы паміж старым і маладым лесам. 

Паводле www.news.mongabay.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак перуанскага дажджавога лесу Дзьмітрыя Вінчэўскага

На гэтую тэму:

КОЖНЫЯ ТРЫ ДНІ Ў АМАЗОНІІ АПІСВАЮЦЬ НОВЫ ВІД

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ ПТУШАК ЎНУТРЫ БАСЕЙНА АМАЗОНКІ

СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК! ТЭМПЫ ЗНІКНЕННЯ ПТУШАК ПАСКАРАЮЦЦА