Нашы звычайныя ўяленні пра міграцыю птушак звязаны з іх сезоннымі пералётамі ў кірунках з поўначы на поўдзень і назад. Дзякуючы сучасным тэхналогіям атрымалася ўбачыць міграцыю выключна ўнутры басейна Амазонкі.
Выкарыстоўваючы спадарожнікавую тэлеметрыю, навукоўцы сачылі за перамяшчэннямі пары арынокскіх гусей (Neochen jubata) з Перу і асобна самца з заходняй часткі Бразіліі. Ўсе пазначаныя перадатчыкамі птушкі прыляцелі ў вялізарныя саванны Llanos de Moxos – частку басейна Амазонкі ў Балівіі.
"Наша птушка з перадатчыкам правяла амаль 9 месяцаў у Балівіі пасля заканчэння гнездавога сезону ў Бразіліі. Птушкі з Перу могуць правесці там менш часу, аднак 12-ці месячны цыкл назіранняў яшчэ не скончаны, таму канчатковыя высновы рабіць яшчэ рана” – сказала Ліза Дэйвенпорт (Lisa Davenport) з Центру трапічных даследаванняў універсітэту Д’ьюка (Duke University), якая працуе над адсочваннем пералётаў птушак. Самец арынокскага гуся, пазначаны перадатчыкам у Бразіліі, праляцеў на месца зімоўкі 950 км, пры чым перамяшчаўся звычайна ў начны час сутак.
Арынокскі гусь аднесены МСАП да відаў, якія маюць “амаль пагражаемы”статус (Near Threatened). Папуляцыя віду зменшылася на 40-75 % паміж 1993 і 2004 гг. Галоўныя прычыны такога становішча – інтэнсіўнае паляванне і знікненне прыродных месцапражыванняў.
"Паляванні значна зменшылі многія папуляцыі арынокскага гуся і любыя мігрыруючыя птушкі знаходзяцца пад гэтай пагрозай, асабліва птушкі з Перу. Бо яны ляцяць праз даліну ракі Rio Madre de Dios, дзе знаходзіцца вялікая колькасць месцаў здабычы золата, дрэвасекаў і іншых патэнцыйных паляўнічых.”
Аднак і з месцамі адпачынку гусей пасля сезону гнездавання ў саваннах Llanos de Moxos далёка не ўсё добра. Найбольшую пагрозу іх існаванню ўяўляе перавыпас быдла, выпальванне травы і замена прыродных раслінных супольнасцяў монакультурамі з афрыканскіх відаў траваў, а таксама вырошчванне соі для прадукцыі біяпаліваў.
Наколькі ўнікальнай з’яўляецца міграцыя арынокскіх гусей унутры басейну Амазонкі, застаецца пакуль невядомым. Магчыма, падобным чынам вядуць сябе і іншыя віды мясцовых птушак.
Простыя назіранні за птушкамі басейну Амазонкі не даюць адказаў на гэтае пытанне, бо іх параўнальна шмат відаў (на сённяшні дзень вядомыя каля 1500, пры чым штогод апісваюць новыя). Таму якія экасістэмы, калі і як важныя для такой колькасці відаў застаецца вядомым далёка не да канца. І без іх належнай аховы мы можам пра гэта і не даведацца.
Паводле www.news.mongabay.com (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by Здымак з www.flickr.com
На гэтую тэму:
АНДСКІ КОНДАР АТРЫМАЎ У ЭКВАДОРЫ СПАДАРОЖНІКАВЫ ПЕРАДАТЧЫК + VIDEOРАЗГАДАНА ЗАГАДКА, ЯКОЙ БОЛЬШ ЗА 150 ГОД
Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушакАДКРЫТА САМАЯ ПРАЦЯГЛАЯ МІГРАЦЫЯ СЯРОД ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК
Знойдзены “ген міграцыі” птушак?
Незвычайныя птушыныя падарожжы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ