Каманда навукоўцаў з універсітэту Newcastle (Вялікабрытанія) дзякуючы падрабязным дадзеным, атрыманым з геалакатараў, якія былі размешчаны на 47 палярных крычках (Sterna paradisea), змаглa стварыць самыя падрабязныя мапы іх падарожжаў. Міграцыі гэтага віду з’яўляюцца самымі працяглымі як мінімум для сучасных птушак – штогод яны пралятаюць пад час іх ад 60 да 100 тысяч км!
Навукоўцы разам з камандай праграмы BBC Springwatch, павесілі 53 геалакатары на дарослых палярных крычак на астравах Farne на працягу 3 сезонаў. З 47 гэтых прыладаў пазней атрымалася спампаваць дадзеныя, і асноўныя зробленыя адкрыцці, якія былі апублікаваныя на гэтым тыдні ў часопісе Ibis, гэта:
- 8 тысяч км безпасадачнага палёта на працягу 24 сутак над Індыйскім акіянам з харчаваннем пад час яго;
- Палёт над сушай з месцаў гнездавання на астравах Farne над Ірландыяй у Атлантычнае мора;
- Кароткі адпачынак на ўзбярэжжы Новай Зеландыі перад завяршэннем восеньскай міграцыі;
- Залёт на адно з самых вялікіх азёраў ва Уэлсе, Llangorse, пад час вясновай міграцыі.
Палярныя крычкі важыць усяго каля 100 грамаў, аднак штогод здзяйсняюць самыя працяглыя міграцыі з Арктыкі ў Антарктыку і назад.
Д-р Крыс Рэдферн (Dr Chris Redfern) з універсітэту Ньюкастла, які ўдзельнічаў у аналізе атырманых дадзеных, сказаў: “Сучасныя тэхналогіі дазволілі нам атрымаць дэталі пералётаў і паводзін гэтых здзіўляючых птушак. Палярныя крычкі палююць на марскіх жывёл, якія падымаюцца на паверхню, таму раней лічылася, што яны мігрыруюць выключна ўдзоўж марскіх і акіянічных узбярэжжаў. Аднак нашы дадзеныя кажуць пра рэгулярныя пералёты над Брытанскімі астравамі і Ірландыяй. Далей крычкі ляцяць на поўдзень ўзбярэжжамі Заходняй Афрыкі і потым праз Індыйскі акіян без адпачынку нават 8 тысяч км! Хутчэй за ўсё птушкі харчуюцца пад час палёту, але гэта і так здзіўляючая здольнасць для істоты, якая важыць менш за iPhone”.
Многія з палярных крычак ляцяць яшчэ далей, да Новай Зеландыі, перад тым, як павярнуць наўпрост да усходняй Антарктыкі, дзе і правядуць зіму праз 4 месяцы пасля таго, як пачынаюць восеньскую міграцыю.
"Маштаб і адлегласці, на якія ляцяць гэтыя птушкі, сапраўды здзіўляе! Таму той факт, што птушкі ляцяць параўнальна непрацяглы час над сушай, наўрацці ўяўляе для ніх нейкую праблему” – сказаў д-р Рэдферн.
Больш за 2 тысячы пар палярных крычак гняздуе на астравах Farne штогод. Усяго ж тут гняздуюць каля 90 тысяч пар марскіх птушак, сярод якіх звычайная гага, кучаравы баклан і тупік.
Папярэднія даследаванні паказалі, што дарослыя птушкі вяртаюцца нават на тыя ж самыя некалькі квадратных метраў у гнездавую калонію, у якой гнездавалі ў папярэдні сезон. Гэта робіць іх ідэальным аб’ектам для размяшчэння геалакатараў, таму што каб атрымаць дадзеныя з гэтай прылады, неабходна пераадлавіць птушку.
Адна з птушак-рэкардсменак праляцела прыкладна 96 тысяч км з месцаў гнездавання да месцаў зімоўкі ў водах Антарктыкі ў 2015 годзе. Яна пачала міграцыю 25 ліпеня, даляцела да поўдня Паўднёвай Афрыкі 25 жніўня. Адтуль яна паляцела праз Індыйскі акіян, дзе правяла амаль увесь кастрычнік, а першую палову лістапада правяла ўжо на ўзбярэжжы Антакртыды. Потым пачала павольна перамяшчацца ўздоўж пабярэжжаў гэтага матэрыка і, нарэшце, люты і сакавік правяла ў моры Уэддэла, адкуль павярнула на поўнач і у красавіку 2016 была ізноў на паўднёвым узбярэжжы Паўднёвай Афрыкі. Далей палёт працягваўся уздоўж заходніх узбярэжжаў Афрыкі і 4 мая крычка вярнулася на гнездавую калонію на астравы Farne.
Калі падобныя адлегласці пералічыць на працягласць жыцця крычак, то яны могуць дасягаць нават 3 мільёнаў км!
Крыніца:
Redfern, C P F, and Bevan, R M. 2019. Overland movement and migration phenology in relation to breeding of Arctic Terns Sterna paradisaea. Ibis. DOI: https://doi.org/10.1111/ibi.12723.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.nzbirdsonline.org.nz
На гэтую тэму:
Палярная крычка ўсталявала новы рэкорд
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
Марафонцы сярод птушак - сем самых неверагодных прыкладаў
Навукоўцы ўпершыню даказалі тое, пра што даўно здагадваліся – птушкі могуць спаць у палёце!
Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?
Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ