Марафонцы сярод птушак - сем самых неверагодных прыкладаў

дубальт

Паводле ацэнак навукоўцаў, кожны пяты від птушак на Свеце здзяйсняе сезонныя міграцыі. І хаця кожную птушыную міграцыю можна апісваць як адзін з важнейшых этапаў іх жыцця і эпічную падзею, нижэй падборка сямі "самых-самых" прыкладаў.

Горная гусь Anser indicus

Адлегласць, на якую пералятаюць: 3000-5000 км

Не хапае кіслароду? - аказваецца, не для ўсіх гэта праблема. Гэтыя гусі магчыма не ляцяць на вельмі вялікія адлегласці, але мы не ведаем іншых відаў птушак, якія б пастаянна ляталі на міграцыях на такой вышыні. Пад час пералётаў з месцаў гнездавання ў Манголіі да месцаў зімоўкі ў Індыі горныя гусі ляцяць над Тыбетам і Паўночным Кітаем. Пад час пералёту над Гімалаямі птушкі могуць выкарыстаць толькі пр. 10% ад канцэнтрацыі кіслароду на ўзроўні мора. Іх палёт на вышыні нават 7 тысяч метраў адбываецца звычайна без папутных вятроў. І хаця гусі такім чынам эканомяць шмат энергіі - бо ляцяць амаль наўпрост праз горы, якія фізіялагічныя асаблівасці стаяць за гэтай здольнасцю да высокагорных пералётаў, пакуль застаецца загадкай. Негледзячы на тое, што ў апошнія гады колькасць горных гусей змяншаецца, іх вялікі арэал забяспечвае ім глабальны ахоўны статус Least concern (LC) – невялікая рызыка існаванню. 

Дубальт Gallinago media 

Адлегласць, на якую пералятаюць: 3000-5000 км

Найбольшая і найбольш вядомая хуткасць палёту, якуя асягаюць птушкі, належыць сокалу-падарожніку - нават 390 км на гадзіну. Але сокалы не выйгралі б марафон, бо такая хуткасць магчыма для іх толькі пад час пікірвання на здабычу, а не ў гарызантальным палёце.  Яшчэ адзін прэтэндэнт на званне самага хуткага палёту - на гэты раз гарызантальнага - чорны свіргуль. Аднак і гэты від асягае найбольшую вядомую нам хуткасць - амаль 112 км у гадзіну - толькі вельмі кароткі прамежак часу, калі выконвае шлюбныя палёты. Таму паўнапраўным чэмпіёнам у хуткасці можна лічыць дубальта - без папутных вятроў, якія дапамагаюць прыспешваць яшчэ больш, гэтыя птушкі могуць ляцець пад час міграцый параўнальна доўгі час нават 97 км у гадзіну, пераадольваючы адлегласць ад Скандынавіі да субсахарыйскай часткі Афрыкі ў прыкладна 6800 км без адзінага прыпынку на адпачынак! У выніку, птушкі трацяць палову сваёй першапачатковай вагі па завяршэнні пералёту. З-за асушальнай меліярацыі ў многіх краінах Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі, від мае статус Near threatened (NT) – блізкі да пагражаемага. 

Малы грыцук  Limosa lapponica 

Адлегласць, на якую пералятаюць: 11.000 км

Паспрабуйце сабе ўявіць пералёт на працягу 9 сутак без магчымасьці адпачнуць, паспаць або папіць-паесці. А гэта ж насамрэч рэальнасць, у якой  двойчы на год жывуць малыя грыцукі пад час міграцыі з месца гнездавання на Алясцы на месцы зімоўкі ў Новай Зеландыі і назад. Гэта - рэкорд беспасадачнага пералёту сярод птушак, якія не могуць харчавацца ў паветры. І хаця від займае параўнальна вялікі арэал, некаторыя яго папуляцыі змяншаюць колькасць. І сярод іх птушкі, якія як раз ляцяць усходне-азіяцкім-аўсталійскім шляхам, у выніку від атрымаў статус  Near threatened (NT) – блізкі да пагражаемага. 

Ісландскі пясочнік Calidris canutus 

Адлегласць, на якую пералятаюць: 15.000 км

Негледзячы на параўнальна невялікія памеры, ісландзкія пясочнікі з арктычнай часткі Канады ляцяць на зімоўку ў Чылі і Аргенціну на адлегласць каля 15 тысяч км!  Аднак дзейнасць чалавека на ціхаакіянскіх узбярэжжах вымушае кулічкоў рабіць нават яшчэ больш доўгія вандроўкі: развіццё прыбярэжнай інфраструктуры і перавылаў крабаў, яйкі якіх жыццёванеабходныя гэтым і іншым птушкам для паспяховай зімоўкі. 

Пінгвін Адэлаіды Pygoscelis adeliae

Максімальная дыстанцыя вандроўкі - 17.600 км

Не ўсім птушкам трэба лятаць, каб вандраваць далёка. Пінгвіны, якія зусім не могуць лятаць, таксама здзяйсняюць рэгулярныя міграцыі. У выпадку пігвінаў Адэлі, сярэдняя адлегласць іх падводных "пералётаў" складае каля 13 тысяч км штогод калі яны плывуць услед за сонцам са сваіх гнездавых калоній  на зімоўку ў мора Роса і назад. Пад час палярнай зімы сонца зусім не ўзыходзіць над Антарктыкай, а пінгвінам патрэбна святло каб лавіць крыль - іх асноўную ежу. Таму яны плывуць за сонцам па краю лядовага покрыва, якое, як і пінгвіны, узімку паступова прасоўваецца на поўнач. Ёсць прагнозы па змяншэнню колькасці віда з-за глабальнага пацяплення клімата, аднак у апошнія гады від нават павялічыў яе, асабліва ва Усходняй Антакрктыцы, дзе знаходзяцца асноўныя гнездавыя калоніі. 


Тонкадзюбы буравеснік Ardenna tenuirostris

Адлегласць вандроўкі: 30.000 км

Таксама вядомы як тасманійскі буравеснік, гэты globetrotter штогод пералятае з месцаў гнездавання на Тасманіі і Паўднёвай Аўстраліі на ўзбярэжжы Камчаткі і расійскага Далёкага Усходу, потым праз Алеўцкія астравы вяртаецца назад над Ціхім акіянам уздоўж заходняга ўзбярэжжа ЗША. Цікава, што штогод птушкі выкарыстоўваюць тую самую нору, у якой гадуюць птушанят. Хаця ў некаторых месцах колькасць віду змяншаецца, агульная ацэнка ў 20 больш мільёнаў асобін дазваляе лічыць тонкадзюбых буравеснікаў самай шматлікай марской птушкай рэгіёна Аўстраліі. 

Аднак любы агляд рэкордных вандровак будзе няпоўным без узгадвання Палярнай крычкі (Sterna paradisea). Таму што адлегласць, якую гэтыя птушкі пераадольваюць пад час сваіх вандровак з месцаў гнездавання ў Арктыцы (Грэнландыя) на месцы зімоўкі ў Антарктыку (на мора Уэдэлла) - каля 90 тысяч км! Варта успомніць, што палярныя крычкі могуць жыць нават да 30 гадоў і за гэты час толькі пад час штогадовых міграцый пераадольваюць тройчы адлегласць ад Месяца да Зямлі і назад. 

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак дубальта Андрэя Несцерава

 


На гэтую тэму:

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

Рэкорд малога грыцука па хуткасці пералёту

Чорны свіргуль – Need for Speed!

5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!

Калібры могуць паскарацца хутчэй за рэактыўныя самалёты!

Тлустыя птушкі мігрыруюць хутчэй

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

12900 км ад месца зімоўкі