Прыйшла зіма – пачаліся зімовыя назіранні птушак

Шаноўныя сябры! Восьмую зіму запар мы збіраем і змяшчаем у Табліцу для агульнага доступа цікавыя назіранні па зімуючых у нашай краіне відах птушак. Змены ў прыродзе адбываюцца пастаянна, а ў час глабальнага пацяплення мы можам бачыць некаторыя з іх на свае вочы: усё часцей у Беларусі застаюцца на зіму прадстаўнікі тых відаў, якія раней лічыліся выключна мігрантамі.

Таму сабраць дадзеныя пра назіранні такіх відаў пад час календарнай зімы важна, каб лепш убачыць што адбываецца вакол нас і якія змены і магчыма чаму, адбываюцца. Гэта, напрыклад, розныя віды гусей, шэрыя жураўлі, вадзяны пастушок, палявы жаўрук, вялікі голуб і голуб-клінтух ды шмат іншых.

Дадаткова, мы збіраем назіранні тых відаў, якія застаюцца на зіму не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, але толькі з 01.12: гэта розныя віды чаек, вялікі баклан, шэрая і вялікая белая чаплі, чапля-бугай, арлан-белахвост і палявы лунь, сокал-дрымлюк і пустальга, палявы лунь, крапіўнік і зімародак, чорны дрозд, лыска і вялікая коўра, жаўрук-смяцюх і іншыя.

Будуць цікавыя для параўнання з іншымі зімамі першыя – зусім не абавязкова зімовыя! – рэгістрацыі тых відаў, якія прылятаюць да нас выключна на зімоўку: амялушак, чачотак, рагатых жаўрукоў і сняжурак, горных чачотак, касматаногіх канюхоў. Таксама ў гэтую катэгорыю можна аднесці першыя рэгістрацыі некалькі відаў качак, якія ў невялікай колькасці гняздуюць у нас, а ўзімку прылятаюць у значна большай колькасці: гогалі, вялікія савукі і савукі-луткі. Першыя іх вялікія восеньскія скапленні (даты і месцы) будуць цікавыя.

Як і раней, дадзеныя для розных раёнаў і да і пасля новага году для тых самых відаў могуць быць занесеныя ў Табліцу асобна. Для гэтага пазначайце ў каментары пад Табліцай дату, від, мясцовасць (вадаём, рака ... раён) і імя і прозьвішча назіральніка ці назіральнікаў. Здымкі ці відэа толькі дадаюць цікавым рэгістрацыям пазітыўных эмоцый, таму пажадана змяшчаць іх у тым самым каментары.

Дзякуем за давер і цікавых нам зімовых назіранняў!

 

Здымак маладога шэрага жураўля, якіс прабаваў зазімаваць у студзені 2019 ў Полацкім раёне Аляксандра Эрдмана