Летам і ў поўні шпакі могуць спаць нашмат менш

Даследчыкі з Нідэрландаў і Германіі дзякуючы выкарыстанню мініятурных, але складаных сучасных прыладаў паказалі, што працягласць сну ў звычайных шпакоў (Sturnus vulgaris) можа значна змяняцца і залежыць ад асвятлення і працягласці светлай часткі сутак.

Рэгулярны сон лічыцца крытычна неабходным для здароўя і нармальнага функцыянавання арганізму. Аднак большасць таго, што мы ведаем пра сон, (акрамя нешматлікіх выключэнняў) заснавана на даследаваннях некалькіх ‘мадэльных’ відаў млекакормячых пад час назіранняў у лабараторных умовах. Таму дадзеныя ад прадстаўнікоў іншых таксонаў і ў больш прыродных умовах неабходныя, каб лепш зразумець рэгуляцыі і функцыі сну.

Вялікая міжнародная каманда навукоўцаў з UG's Groningen Institute for Evolutionary Life Sciences (GELIFES) (Нідэрланды), Avian Sleep Group у Max Planck Institute for Ornithology (Германія) і Institute of Neuroinformatics, University of Zurich (Швайцарыя) на групе шпакоў, якіх трымалі ў адкрытай вальеры з прыродным асвятленнем і тэмпературай паветра, выкарыстала мініятурныя дата-лоджэры. Гэтыя прыстасаванні пастаянна запісвалі электраэнцэфалаграмы мозга птушак.

Аказалася, што розніца паміж доўгай фазай сну (non-rapid-eye-movement (NREM)) летам і зімой можа адрознівацца нават на 5 гадзін! Хаця зразумела, што амаль увесь сон адбываўся ўначы, калі ночы летам станавіліся кароткімі, шпакі час ад часу засыналі і ўдзень.

Акрамя гэтага, пад час поўні працягласць начнога сну (агулам фазы NREM) шпакоў таксама значна скарачалася – нават на 2 гадзіны. Сярэдняя працягласць кароткай фазы сну – т.зв. ‘хуткага руху вачэй’ (rapid-eye-movement (REM)) складала толькі 1,3% ад агульнай працягласці сну.  

Крыніца:

Sjoerd J. van Hasselt et al 2020 Sleep Time in the European Starling Is Strongly Affected by Night Length and Moon Phase, Current BiologyDOI: 10.1016/j.cub.2020.02.052

 

Паводле www.cell.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Птушкі спяць не так, як звяры?

Навукоўцы ўпершыню даказалі тое, пра што даўно здагадваліся – птушкі могуць спаць у палёце!

Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі

Свіргулі: народжаныя, каб жыць у паветры

Арктычныя пясочнікі “дзеля сэксу” не хочуць спаць і гатовы праляцець 13 тысяч дадатковых кіламетраў + VIDEO

Хто менш спіць, мае больш дзетак