Багаты на сенсацыі: агляд назіранняў Клуба200 за чэрвень-2020

Хаця за ўвесь месяц адбылося толькі 13 назіранняў 11 відаў са спісу Клуба200, але тры сярод іх аказаліся сенсацыйнымі, якія на захад ад нас пазначаюць словам MEGA. Для параўнання, у мінулым годзе было зроблена 14 паведамленняў пра 10 відаў са Спісу, у 2018 годзе – 13 пра назіранні 10 відаў.

Найбольш нечаканай, бясспрэчна, стала другая рэгістрацыя для краіны Малага баклана (Phalacrocorax pygmaeus). Таму віншуем Генадзя Ардзюка і Наталью Капорыкаву, якія ў першы дзень лета не толькі ўбачылі, але і сфатаграфавалі гэты від на рыбгасе “Днепрабугскі” у Брэсцкай вобласці. Першая і адзіная  папярэдняя рэгістрацыя, для якой былі атрыманы дастатковыя доказы, адбылася яшчэ ў 2009 годзе на рыбгасе “Сялец”, что таксама на Берасцейшчыне.

птушкі

Малы і вялікія бакланы. Драгічынскі раён, 01-06-2020. Здымак Генадзя Ардзюка

Другая сенсацыйная знаходка была зроблена на поўначы краіны, на Віцебшчыне. Дзеля бяспекі птушак, Дзяніс Кіцель і Юры Янкевіч - яе аўтары, не паведамляюць нават раён, дзе яна адбылася. З 2011 году не было вядома пра паспяховае гнездаванне адной з найбольшых памерамі нашых драпежных птушак. І вось, нарэшце, у прыродным гняздзе, закальцаваныя два птушаняці Арла-маркута (Aquila chrysaetos)! Хаця арлы адкладваюць звычайна па два яйкі і з абодвух вылупляюцца птушаняты, аднак другое яйка і меншае птушаня з’яўляюцца хутчэй падстрахоўкай на выпадак, калі нешта здарыцца з першым яйкам і старэйшым птушанём. Па меры роста старэйшага, ён нападае на малодшага сіблінга і звычайна праз нейкі час забівае яго (з’ява добра вядомая не толькі для арлоў, але і некаторых іншых драпежных птушак і нават мае сваю назву – “каінізм”) і самка скармлівае малодшага старэйшаму. Але вельмі рэдка здараюцца выключэнні і ў арлоў вырастаюць абодва малых. Менавіта гэтак здарылася ў гэтым гняздзе, што робіць знаходку яшчэ больш сенсацыйнай.

птушкі

Птушаняты арла-маркута. Віцебская вобласць, 16-06-2020. Здымак Дзяніса Кіцеля

Назіранне Сіняга сіваграка (Coracias garrulus) па-за адзіным (ці двума?) вядомымі месцамі гнездавання віда – яўная і трэцяя сенсацыя чэрвеня.  Рэгістрацыя Дзмітрыя Шамовіча і Дзяніса Кіцеля 25.06 у Рагачоўскім раёне Гомельшчыны хутчэй за ўсё сведчыць пра новае, раней невядомае, месца гнездавання гэтага хутка знікаючага віда не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах Усходняй Еўропы.

птушка

Сіні сіваграк, Рагачоўскі раён, 25-06-2020. Здымак Дзяніса Кіцеля

Чырвонаносы нырок (Netta rufina) – адзін самец  01.06. адзначаны на Берасцейшчыне. Гэта чацвёртая рэгістрацыя віда для гэтага году і другая, зробленая летам з 2014 году. Назіранні ў сезон размнажэння адбываюцца з 2014-га амаль штогод, і нават пар, але пра выпадкі гнездавання віда ў Беларусі яшчэ невядома.

Качка-мандарынка (Aix galericulata) – чужародны від для нашага кантыненту, які, на жаль, гняздуе, хаця і ў невялікай колькасці, у суседніх з Беларуссю краінах. Самец 06.06 назіраўся ў Мінскім раёне. Від з 2014 года адзначаецца амаль штогод у розныя поры году і ў розных рэгіёнах, акрамя Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Арол-карлік (Aquila pennata) – другі год запар, адна з пары яўна гняздуючых там птушак у тым жа месцы назіраецца ў Кобрынскім раёне на Берасцейшчыне, у гэты раз – 19.06. Арол-карлік - адзін з самых рэдкіх гняздуючых у нашай краіне відаў драпежных птушак, таму кожная сустрэча з ім – прыемная падзея.

Кулік-марадунка (Xenus cinereus) – некалькі птушак былі адзначаныя 06.06 у Лоеўскім раёне.

Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – 2 птушкі назіралі 06.06 на адным з рыбгасаў на Берасцейшчыне.

Паўночная мармытуля (Iduna caligata) – параўнальна новы від для нашай арнітафауны – першая рэгістрацыя адбылася ў 2010 годзе, а першае гнездаванне было даказана ў 2012 годзе. З таго часу птушак у вельмі невялікай колькасці адзначаюць у нас у гнездавы час штогод (акрамя 2014) і мармытулі былі зарэгістраваныя ва ўсіх абласцях, акрамя Гродзенскай і Магілёўскай. І вось 18.06 была зроблена першая рэгістрацыя віда – пары птушак – на Магілёўшчыне.

Чарналобы грычун (Lanius minor) у невялікай колькасці гняздуе на паўднёвым усходзе краіны і 06.06 птушкі з тэрытарыяльнымі паводзінамі былі адзначаныя ў Лоеўскім раёне Гомельшчыны:

птушка

Здымак Юрыя Шашэнькі.

Палявы свірстун (Anthus campestris) – яшчэ адзін рэдкі гняздуючы від, спарадычна распаўсюджаны па ўсёй краіне. У чэрвені адбылося 3 cустрэчы: 12.06 і 15.06 у Мінску і 24.06 у Пінскім раёне.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак малага баклана – Генадзя Ардзюка

 

 

На гэтую тэму:

Сенсацыі з доказамі і без: агляд цікавых назіранняў птушак Клубам200 за красавік, май і чэрвень

Што можа быць лепш за паморніка? – два паморнікі! Агляд назіранняў рэдкіх відаў птушак са Спісу Клуба200 за чэрвень і ліпень 2018

ВЯСНОВЫЯ З ЗІМОВЫМІ: АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА САКАВІК-2020

ДЗІЎНАЯ ЗІМА: АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА СТУДЗЕНЬ І ЛЮТЫ-2020

У МІНСКУ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК– ПАЛЯРНАЯ ЧАЙКА!