Вясновыя з зімовымі: агляд назіранняў Клуба200 за сакавік-2020

У першы месяц вясны сенсацыйных назіранняў не адбылося. Усяго было атрымана 23 паведамленні пра назіранні 15 відаў са Спісу Клуба200. Для параўнання, за мінулагодні сакавік (калі як раз пачаў дзейнічаць абноўлены Спіс відаў, пра якія трэба паведамляць у Клуб) было зроблена 25 паведамленняў пра 15 відаў. Яшчэ больш паведамленняў у Клуб (па папярэднім спісе відаў) было зроблена ў 2017 і 2018 гг – адпаведна 34 і 31.

Малы лебедзь (Cygnus columbianus) – толькі адна рэгістрацыя за месяц, 20.03 параўнальна вялікая група птушак адзначана на Міншчыне. Прычым амаль у тым жа месцы, у якім птушкі прыпыняліся ў пачатку сакавіка ў мінулым годзе:

птушкі

Малыя лебедзі, Любанскі раён, 20-03-2020. Здымак Мікалая Вераб'я

Пярэстая качка (Tadorna tadorna) – з 18.02 адзін самец больш месяца трымаўся на розных вадаёмах Мінска, дзякуючы чаму яго змагло паглядзець шмат жадаючых. Яшчэ 2 рэгістрацыі – хутчэй за ўсё іншых птушак – адбыліся на ўскрайку Мінска 18.03 і пад Мінскам 21.03. Акрамя гэтага, пара птушак назіралася на Нёмане 27.03 у Гродзенскім раёне:

https://youtu.be/HuLjSPjAeB8

Канадская казарка (Branta canadensis) – залёт адной птушкі адзначаны 20.03 на Міншчыне. Пакуль што гэты чужародны для Еўропы від адзначаецца ў нас не штогод.

Белашчокая казарка (Branta leucopsis) – у апошнія гады паступова павялічылася колькасць вясновых рэгістрацый віда. У сакавіку былі зробленыя тры назіранні казарак у вялікіх чародах гусей: 08.03 на Гарадзеншчыне, 21.03 на Міншчыне і 22.03 на Гомельшчыне. Гусі працягваюць ляцець праз Беларусь у тундру, таму захоўваецца магчымасць убачыць сярод іх і казарак таксама ў красавіку.

Нырок-маранка (Clangula hyemalis) – амаль месяц 2 птушкі трымаліся на вялікіх вадаёмах у межах Мінска, дзе іх упершыню адзначылі 26.02. На вясновым пралёце від рэгіструецца ў нас далёка не кожны год.

Нырок-свірок (Melanitta fusca) – хутчэй за ўсё адна птушка правяла ўсю зіму і пачатак вясны на тым самым участку Нёмана, які ў гэтым годзе не пакрываўся лёдам нават вышэй т.зв. Гродзенскай ГЭС і назіралася там у сакавіку 22.03. Праз 5 дзён, 27.03 там жа былі адзначаныя мін 6 птушак. Увогуле ж існуе не так шмат вясновых рэгістрацый віда, пры чым яны магчымыя ажно да канца мая!

птушкі

Нырок-свірок з іншымі ныркамі на Нёмане, Гродзенскі раён, 22-03-2020. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Чырвонаносы нырок (Netta rufina) – пасля нечаканых зімовых рэгістрацый віда ў Мінску і Брэсце настаў час першай вясновай сёлетняй рэгістрацыі. Яна адбылася 26.03 на Міншчыне.

Качка-огар (Tadorna ferruginea) - ізноў нечакана і ізноў у Мінску адна птушка была адзначана 27.03 і з таго часу не пакідае абраны вадаём нават пасля таго, як частка яго замёрзла:

птушка

Качка-огар, Мінск, 31-03-2020. Здымак Елены Івановай

Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) – дарослая птушка на пралёце (?) была сфатаграфаваная 24.03 на Віцебшчыне.

Стучок (Lymnocryptes minimus) – першая і пакуль што адзіная рэгістрацыя віда ў гэтым годзе адбылася 15.03 на беразе Нёмана ў межах горада Гродна.

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) – адразу тры розныя птушкі (адна з іх з так і не прачытаным кальцом) назіраліся 15.03 на тым самым тэхнічным вадаёме на ўскрайку Мінска. Дакладна на тым жа вадаёме і ў той жа дзень сакавіка адна чайка назіралася і ў 2019 годзе.

Сняжурка (Plectrophenaх nivalis) – птушкі, якія прыляцелі да нас з тундры, не спяшаюцца вяртацца туды, дзе яшчэ зіма: 08.03 від быў адзначаны на поўначы, а 16.03 на поўдні краіны.

птушкі

Сняжуркі, Шаркаўшчынскі раён, 08-03-2020. Здымак Валерыя Кавалёнка

Чорнагаловы ерчык (Saxicola rubіcоla) з пачатку сакавіка вяртаецца на свае былыя месцы гнездавання – падобна, як і ў мінулым годзе: 08.03 самец быў заўважаны на ўскрайку Брэста, а 16.03 пара птушак адзначана ў Кобрыне.

птушка

Самец чорнагаловага ерчыка, Брэст, 08-03-2020. Здымак Аляксандра Сербуна

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) – ва ўжо вядомым раней месцы адна птушка назіралася 29.03 у Мінску.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца пярэстай качкі яго ж

 

 

На гэтую тэму:

ДЗІЎНАЯ ЗІМА: АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА СТУДЗЕНЬ І ЛЮТЫ-2020

Песімістычны люты і аптымістычны сакавік: агляд цікавых назіранняў птушак за пачатак вясны-2019

Ужо не зіма, але яшчэ і не вясна: назіранні птушак са спісу Клуба200 ў сакавіку-2018

У МІНСКУ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК– ПАЛЯРНАЯ ЧАЙКА!

БОЛЬШ ТРАЦІНЫ ВІДАЎ СА СПІСА ПТУШАК БЕЛАРУСІ – У АБНОЎЛЕНЫМ СПІСЕ ВІДАЎ КЛУБА200