Адчуванне шчасця для еўрапейцаў залежыць ад колькасці відаў птушак навокал

Карысныя эфекты ад назірання дзікай прыроды на ментальнае здароўе чалавека ўжо дэманстравалі ў розных даследаваннях і раней. Аднак сацыялагічнае апытанне такога маштабу, якое правялі навукоўцы з Senckenberg Gesellschaft für Naturforschung, iDiv і ўніверсітэту Кіля (ФРГ) атрымалася зрабіць упершыню. Згодна з яго вынікамі, еўрапейцы наўпрост звязваюць сваё адчуванне шчасця і дабрабыту з разнастайнасцю прыроды – і птушак - навокал.

Для параўнання былі выкарыстаныя дадзеныя з апытання пра якасць жыцця "2012 European quality of Life Survey", у якім удзельнічалі больш за 26 тысяч дарослых з 26 еўрапейскіх краін. Для ацэнкі біялагічнай разнастайнасці ў канкрэтных месцах былі ўзятыя дадзеныя па разнастайнасць відаў птушак з Атласа гняздуючых птушак Еўропы.

"Еўрапейцы асабліва задаволеныя жыццём, калі непасрэдна навокал буяе прырода з вялікай разнастайнасцю відаў” – сказаў Joel Methorst, аспірант і першы з сааўтараў публікацыі па выніках даследавання. "Згодна з атрыманымі намі вынікамі, самыя шчаслівыя з еўрапейцаў – тыя, хто сустракае шматлікія віды птушак у сваім штодзённым жыцці, альбо тыя, хто жыве ў наваколлі дзікай прыроды, якая ёсць домам для шматлікіх відаў дзікіх жывёл”.

Птушкі добра вядомыя як адзін з індыкатараў біяразнастайнасці, у якой яны прадстаўляюць самыя заўважныя элементы нават у нашых населеных пунктах.  Больш таго, песні і іншыя гукавыя сігналы птушак часта добра адрозніваюцца ад фонавых гукаў нават калі мы не бачым іх. Большасць відаў птушак успрымаюцца людзьмі вельмі прыгожымі і многія з задавальненнем назіраюць за імі. Вельмі важным аспектам якасці жыцця з’яўляецца канкрэтнае месца жыхарства. Асабліва вялікая колькасць відаў птушак можа быць знойдзена ў месцах, якія набліжаныя да прыродных, або знаходзяцца на сутыкненні разнастайных ландшафтаў, у якіх разнастайная расліннасць і побач ёсць вадатокі ці вадаёмы.

"Мы таксама правяралі і параўновывалі розныя сацыяльна-эканамічныя дадзеныя з апытання і атрымалася, нечакана для нас, што разнастайнасць птушак навокал важная для задавальнення ад жыцця таксама, як даходы” – сказала Prof. Dr. Katrin Böhning-Gaese, дырэктар Senckenberg Biodiversity and Climate Research Center, прафесар Goethe University у Францфурце-на-Майне.

Разнастайная прырода навокал грае важную ролю для пачуцця дабрабыту ў жыцці для жыхароў розных краін Еўропы нават па-за яе т.зв. экасістэмнымі паслугамі. У той жа час Global Assessment 2019, праведзены Сусветнай Радай па біяразнастайнасці (World Biodiversity Council IPBES) і даследаванні відаў птушак, звязаныя з сельскагаспадарчымі біятопамі ў Еўропе паказваюць значнае і драматычнае змяншэнне біяразнастайнасці навокал нас. Акрамя непасрэднага негатыўнага эфекту, гэтыя змены таксама аказваюць адмоўнае ўздзеянне і на самаадчуванне людзей. “Таму ахова прыроды патрэбная не толькі для таго, каб захаваць яе экасістэмныя паслугі, але гэта і інвестыцыі ў пачуццё дабрабыту і шчасця ўсіх нас” – прыходзіць да высновы Methorst.


Крыніца: Joel Methorst et al. The importance of species diversity for human well-being in Europe, Ecological Economics (2020). DOI: 10.1016/j.ecolecon.2020.106917

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Назіранні за птушкамі неабходныя для нашага душэўнага здароўя

У Шатландыі тэрапеўты пачалі прапісваць пацыентам бёрдуотч!

Бёрдуотчары штогод трацяць у польскай частцы Белавежскай пушчы мільёны даляраў

Маладым людзям не хапае зносінаў з прыродай

Кожны пяты амерыканец – бёрдуотчар!

СУЧАСНЫ СТАН АРНІТАФАУНЫ ЕЎРОПЫ І ЗМЕНЫ Ў ІМ ЗА АПОШНІЯ 25-30 ГАДОЎ