Бёрдуотчары штогод трацяць у польскай частцы Белавежскай пушчы мільёны даляраў

Назіранні птушак (birdwatch) – сектар экатурызма, які ў апошнія гады расце найбольш хутка. Не менш важна тое, што турысты, якія прыязжаюць назіраць птушак, робяць вялікі ўнёсак у лакальную эканоміку на тых тэрыторыях, дзе захавалася вялікая разнастайнасць птушак. Міжнародная каманда навукоўцаў з Польшчы, Вялікабрытаніі і Швецыі зрабіла параўнанне аб’ёму грошай, якія атрымлівае мясцовая эканоміка з рэалізацыі драўніны з польскай часткі Белавежскай пушчы i дзякуючы турыстам-бёрдуотчарам.

Нацыянальны парк “Белавежскі” – адно з найбольш папулярных месцаў для назіранняў птушак у Еўропе, які наведваюць тысячы бёрдуотчараў штогод. Акрамя вялікай разнастайнасці птушак, многіх прыцягваюць туды тыя віды, якія звязаны са стараўзроставымі лясамі – гэта амаль усе віды еўрапейскіх дзятлаў і многія віды соваў.

Як мінімум некаторыя з гэтых відаў птушак апынаюцца пад пагрозай з-за знішчэння стараўзроставага лесу, бо менавіта нарыхтоўка і продаж драўніны лічыцца жыццёва неабходнай дзейнасцю для мясцовай эканомікі.

На аснове 165 анкет з падрабязнымі пытаннямі, на якія адказалі турысты, навукоўцы атрымалі сярэднія лічбы для аналізу і параўнання. Аказалася, што бёрдуотчары трацяць у сярэднім 64,6 USD штодня пад час наведвання польскай часткі Белавежскай пушчы. Гэта нашмат больш, чым трацяць за той жа час – 38,6 USD – іншыя турысты. Таксама, ў сярэднім, бёрдуотчары праводзяць там больш часу: 3,8 дня ў параўнанні з 2,5 іншых турыстаў.

Агулам прыкладна 14 тысяч бёрдуотчараў, якія наведалі Пушчу ў 2016 годзе, заставілі там амаль 2,2 мільёны даляраў. Для параўнання, з 2005 году, продаж драўніны і менэджмент лесу тут штогод прыводзіць да непасрэдных эканамічных стратаў – агулам дафінансаванне ад Дзяржаўных лясоў склала за гэты перыяд 134,5 мільёна злотых (амаль 36,2 мільёна даляраў). Ускосныя страты з-за знішчэння пушчы як месцапражывання рэдкіх відаў птушак толькі павялічацца і дадуцца да прамых.

Крыніца:

Czeszczewik, D., Ginter, A., Mikusiński, G. et al. Birdwatching, logging and the local economy in the Białowieża Forest, Poland Biodivers Conserv (2019). https://doi.org/10.1007/s10531-019-01808-6

 

Паводле www.link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак вераб’інага сыча – Андрэя Несцерава

 

 

На гэтую тэму:

Як птушка з Амерыкі “падымае” эканоміку Эстоніі

Кожны пяты амерыканец – бёдуотчар!

Назіранні за птушкамі неабходныя для нашага душэўнага здароўя

У Шатландыі тэрапеўты пачалі прапісваць пацыентам бёрдуотч!

Пенсільванія: сотні тысяч даляраў каб паглядзець рэдкую птушку

Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру