Назіранні за птушкамі неабходныя для нашага душэўнага здароўя

Назіраць за птушкамі

Людзі, якія жывуць побач з дзікімі птушкамі, кустамі і дрэвамі маюць нашмат меншую імавернасць захварэць дэпрэсіяй, у іх зменшаная трывожнасць і ўзровень стрэсу. Такія вынікі атрымалі даследчыкі з універсітэту Exeter, British Trust for Ornithology  (Вялікабрытанія)  і універсітэту Queensland (Аўстралія).

Даследаванне праводзілася на больш, чым 270 людзях і агульны вынік залежаў ад блізасці пражывання да дзікай прыроды ці колькасці даступных яе “элементаў”.

Група даследаваных складалася з прадстаўнікоў розных этнічных груп, даходаў і ўзросту. Было знойдзена таксама, што тыя, хто правялі менш чым звычайна часу на прыродзе на мінулым тыдні, на наступным адчувалі большы ўзровень трывожнасці і нават дэпрэсіўнасці.

Зусім нечакана аказалася, што можна прадказаць узровень стрэса, трывожнасці і дэпрэсіўнасці па колькасці птушак, якіх даследаваныя могуць сустрэць пасля абеду недзе побач з сабой. Для гэтага навукоўцы праводзілі ўлікі птушак зранку і пасля абеду ў трох розных раёнах Вялікабрытаніі:  Milton Keynes, Bedford і Luton.

Найбольш звычайнымі відамі птушак там аказаліся чорныя дразды, малінаўкі, сінія сініцы і чорныя вароны. Аднак сувязь з душэйным здароўем была знойдзена ў залежнасці ад большай магчымасці убачыць не канкрэтны від птушак, а ўвогуле дзікіх птушак за сваім вакном, у гародзе-садзе ці недзе побач.

Папярэднія даследаванні паказалі, што веды большасці людзей вызначаць дзікіх  птушак да віду параўнальна абмежаваныя (eg Dallimer et al, 2012), таму менавіта агульная магчымасць убачыць дзікіх птушак, а не нейкі канкрэтны від і ёсць найважнейшым фактарам.

Д-р Дэніэл Кокс (Dr Daniel Cox) з універсітэту Exeter, які ачольваў групу даследчыкаў, сказаў: "Гэтая работа пачала прыадкрываць ролю некаторых ключавых кампанентаў прыроды для нашай душэўнай раўнавагі і здароўя. Дзікія птушкі вакол нашага дома і прырода агулам паказваюць вялізарны патэнцыял у прафілактыцы душэўных хваробаў і ператвараюць гарады ў лепшыя, больш шчаслівыя і здаровыя месцы для жыцця людзей”.

Вельмі шматабяцуючым стала тое, што не атрымалася знайсці адрозенняў для людзей якія адрозніваліся больш ці менш па шматлікіх соцыа-культурных фактарах.

Цікава, што папярэдняе даследаванне  д-ра Кокса і прафесара Кевіна Гастона (Prof. Kevin Gaston) прыйшло да вельмі падобных высноваў. Яно паказала, што  назіранні за птушкамі робяць людзей адпачнуўшымі і яны адчуваюць сябе звязанымі з прыродай (Cox and Gaston, 2016).

Крыніца:

Daniel T. C. Cox et al. (2017) Doses of Neighborhood Nature: The Benefits for Mental Health of Living with Nature BioScience 67 (2): 147-155. DOI: https://doi.org/10.1093/biosci/biw173

 

Паводле www.exeter.ac.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж.

 

На гэтую тэму:

Кожны пяты амерыканец – бёдуотчар!

У RSPB 200 тысяч юных сябраў

Для дзетак і падлеткаў тэлебачанне і відэагульні больш важныя за захаванне навакольнага асяроддзя

Маладым людзям не хапае зносінаў з прыродай

Сляпы ўругвайскі бёдуотчар адрознівае больш 700 відаў птушак

Праграма для iPhone дазволіць амерыканцам вызначаць птушак навокал