Стварэнне запасаў ежы для пазнейшага яе выкарыстання – важная адаптацыя для таго, каб выжыць ва ўмовах нестабільных харчовых рэcурсаў. Птушкі рознага ўзросту і полу могуць дэманстраваць адрозненні ў запасах ежы з-за розніцы ў досведзе, асабістых здольнасцях, якасці тэрыторыі якую яны займаюць або з-за рознай жыццёвай стратэгіі. Аднак падобныя адрозненні ў прыродных умовах цяжка адсочваць, тым больш, калі ўмовы наваколля змяняюцца.
Каманда фінскіх даследчыкаў вывучала асаблівасці назапашвання ежы ў вераб’інага сычыка (Glaucidium passerinum) ў Заходняй Фінляндыі на працягу перадзімовых сезонаў (кастрычнік-снежань) у 2003–16 гг.. На тэрыторыі даследавання галоўная здабыча сычыкаў – палёўкі, якія маюць трохгадовыя цыклы колькасці. Г.зн. што кожныя тры гады шчыльнасць гэтых грызуноў змяняецца ад мінімума да максімума ў тых самых месцах у некалькі разоў.
За 14 сезонаў арнітолагі знайшлі 1056 ‘складаў’ са здабычай у дуплах, у якіх атрымалася злавіць 330 сычыкаў. Аказалася, што колькасць складоў-схованак ежы не адрознівалася для сычыкаў рознага ўзросту і пола, але павялічвалася у гады з вялікай шчыльнасцю здабычы. Акрамя гэтага, у гады з пікам колькасці палёвак павялічвалася і біямаса назапашанага ў схованках.
Цікава, што маладыя птушкі (першага году жыцця) мелі большыя па масе запасы, чым дарослыя птушкі любога з палоў, а самкі рабілі большыя запасы, чым самцы. Аднак найбольш цікава, што тыя самыя птушкі рабілі большыя запасы, калі былі маладымі, чым у наступныя сезоны - калі былі ўжо дарослымі!
Знойдзеныя адрозненні аказаліся не звязаныя з тым, што больш дасведчаныя птушкі могуць і назапашваюць на зіму большыя запасы ежы. Навукоўцы прапануюць наступнае тлумачэнне гэтаму: наадварот, менш дасведчаныя маладыя птушкі больш спадзяюцца на свае запасы ежы, чым дарослыя! Што тычыцца самак, то яны назапашваюць сабе больш ежы з-за большых памераў і яшчэ таму, што фізіялагічна патрабуюць больш ежы, каб мець магчымасць як мага раней у сезоне размнажэння мець магчымасць сфармаваць адпаведную колькасць яек.
Крыніца: Masoero, G., Morosinotto, C., Laaksonen, T. et al. Food hoarding of an avian predator: sex- and age-related differences under fluctuating food conditions. Behav Ecol Sociobiol 72, 159 (2018). https://doi.org/10.1007/s00265-018-2571-x
Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Андрэя Несцерава
На гэтую тэму:
Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!
Палову дрэваў у двух новых англійскіх лясах пасадзілі … сойкі
Сініцам не перазімаваць асобна, без групы
Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы
Сойкі могуць хутка мяняць свае паводзіны
Разумныя сойкі плануюць будучыню
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ