Сініцам не перазімаваць асобна, без групы

Звычайна бурагаловыя сініцы (Poecile montanus) трымаюцца той самай тэрыторыі ўсё сваё дарослае жыццё. Аднак у суворыя зімы шмат птушак гіне, і нават запасы насення, зробленыя ўвосень, не дапамагаюць калі сініца трымаецца асобна ад групы. Нарвежскія навукоўцы знайшлі, што для маладых птушак гэта тым больш жыццёва неабходна.

Адстаўны прафесар Олаф Хогстад (рrofessor Emeritus Olav Hogstad) з Нарвежскага ўніверсітэту навукі і тэхналогій (Norwegian University of Science and Technology (NTNU)) кальцаваў бурагаловых сініц у раёне Trøndelag з 1986 да 2014 году. Разам са сваім калегай, адстаўным прафесарам Торэ Слэгсфолдам (Tore Slagsvold) з універсітэту Осла, яны потым сачылі за сініцамі ў парах, групах і за асобнымі птушкамі.

Перыяд пасля вылету маладых птушак з гнязда - самы небяспечны ў самастойным жыцці. Калі від застаецца зімаваць на той жа гнездавой тэрыторыі, патомства будзе вымушана пакінуць яе і шукаць новае, ужо сваё месца. "Маладыя птушкі, якія вывяліся ў гэтым годзе, маюць нашмат большы ўзровень смяротнасці, чым больш старыя” – сказаў праф. Хогстад.

Ім неабходна знайсці “сабе” групу каб стаць яе часткай. Чаму гэта важна?

Справа ў тым, што калі на гэтай тэрыторыі па нейкай прычыне знікнуць іншыя сініцы гэтага віду, маладыя птушкі могуць заняць яе першымі. Акрамя гэтага, птушкі ў групе могуць вучыцца адна ад адной і групе лягчэй заўважыць драпежніка. Аднак, што найбольш важна, далучэнне да групы можа значна павялічыць іх шанцы перазімаваць. У дадатак важна знайсці групу іншых сініц і далучыцца да яе як мага раней – тады павялічваюцца шанцы на тое, што гэта дапаможа заняць у групе больш высокае сацыяльнае становішча. А яно, у сваю чаргу, звязана з выжывальнасцю ўзімку. Як аказалася, памеры цела не маюць адносін да рознай выжывальнасці.

Зімовыя групы бурагаловых сініц звычайна складаюцца з 5 ці 6 птушак, сярод якіх адна пара – дарослыя партнёры і іх ранг у групе самы высокі, а таксама 2 пары сёлетняй моладзі, сярод якіх адна з пар таксама мае вышэйшы ранг, чым іншая. Акрамя гэтага ранг самцоў у пары заўсёды вышэйшы, чым у самак.

"Звычайна ніводная з сініц з самым нізкім рангам не перажывае сваю першую зіму. Той самы лёс і ў птушак, якія не знайшлі сабе групу” – кажа Хогстад.

Калі нехта з дамінантнай пары прападае, наступная па іерархіі сініца адпаведнага полу можа заняць яе месца, але так бывае не заўсёды.

У сярэднім палова маладых сініц высокага рангу перазімоўвае, прычым гэтыя значэнні для такіх самцоў і самак не адрозніваюцца. На другую зіму іх смяротнасць каля 25%, на трэцюю – 9,5% і на чацьвёртую – 5,6%.

“Дамінанатная пара дарослых птушак звычайна зімуе на сваёй гнездавой тэрыторыі і разам абраняе яе. Як дамінанты, яны карыстаюцца першымі з добрых і больш бяспечных месцаў харчавання” – сказаў Хогстад.

У сярэднім, сівыя сініцы жывуць 2,5 гады. Самая старая самка, якую даследчыкі бачылі, мела 6 гадоў да знікнення, самыя старыя два самцы – па 9 гадоў.

 

Крыніца:

 Olav Hogstad et al, Longevity of Willow Tits (Poecile montanus): the significance of flock membership, social rank and body size, Ornis Norvegica (2018). DOI: 10.15845/on.v41i0.1540 

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

У халодныя зімы прыхільнасць да аднаго месца у вялікіх сініц павялічваецца

Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц

Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?

У маладых лясах-пасадках у птушак большы стрэс і смяротнасць

Хочаш застацца з тым самым партнёрам? - не спазняйся на месца гнездавання

Сойкі могуць хутка мяняць свае паводзіны

Плюсы і мінусы больш позняга вылету з гнязда