Плюсы і мінусы больш позняга вылету з гнязда

Паводзіны птушанят перад вылетам з гнязда і адразу пасля гэтага – адзін з найменш даследаваных аспектаў жыцця птушак. Як і чаму адны птушаняты аднолькавага ўзросту вылятаюць хутчэй за іншых часта застаецца загадкай.  Не так даўно з’явілася работа, прысвечаная птушкам, якія гняздуюць на дрэвах і дзе гэты аспект вывучалі эксперыментальна. І вось новае даследаванне, на гэты раз наземнагняздуючых вераб'іных відаў.

У чатырох паўночна-амерыканскіх штатах (Альберта, Паўночная Дакота, Мінесота і Уісконсін) арнітолагі ўсталявалі мініятурныя відэа-камеры на 206 гнёздах 17 відаў птушак лугоў і прэрый. Як і чакалася, рашэнне пра час вылету з гнязда цяжка адназначна растлумачыць. Але некаторыя заканамернасці былі знойдзеныя.

Перад пачаткам работы Крысцін Рыбік (Christine Ribic) з US Geological Survey і яе калегі сфармулявалі дзве гіпотэзы, якія і правяралі пад час назіранняў за гнёздамі. Птушаняты, якія пакідаюць сваё гняздо зранку, могуць мець больш часу каб знайсці добрую схованку нанач. З іншага боку тыя, якія застануцца ў гняздзе даўжэй, могуць скарыстацца з меншай канкурэнцыі з сіблінгамі за ежу, якую на гняздо працягваюць прыносіць бацькі.

Дадзеныя з відэакамер паказалі, што чым больш птушанят было ў гняздзе, тым больш часу заняло ў іх усім пакінуць яго. Гэта магло б пацверджваць гіпотэзу пра змяншэнне канкурэнцыі за ежу на гняздзе пасля вылету некаторых сіблінгаў. Для 20% вывадкаў працэс вылету з гнязда займаў больш, чым адны суткі. Аднак сярэдні час поўнага вылету адрозніваўся не толькі паміж відамі, аднак і паміж больш раннімі і больш познімі гнёздамі аднаго віду па прычынах, якія засталіся незразумелымі для даследчыкаў.

Пасля таго, як птушаняты могуць пакінуць гняздо, яны сутыкаюцца з дылемай: чым даўжэй застанешся ў гняздзе, тым у цябе больш часу каб падрасці і набрацца сілаў перад сустрэчай з незнаёмымм знешнім светам і яго пагрозамі. А з іншага боку чым даўжэй застанешся ў гняздзе, тым большая імавернасць таго, што гняздо знойдуць драпежнікі. У розных сытуацыях карыснымі могуць быць розныя паводзіны, таму, магчыма, адбор падтрымлівае і першыя, і другія.

 

Крыніца:

Ribic, C A, Ng, C S, Koper, N, Ellison, K, Pietz, P J, and Rugg, D J. 2018. Diel fledging patterns among grassland passerines: Relative impacts of energetics and predation riskThe Auk 135(4):1,100-1,112. DOI: https://doi.org/10.1642/AUK-17-213.1.

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак белагаловай зонатрыхіі (Zonotrichia leucophrys) Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Калі птушанятам лепш вылятаць з гнязда?