Калі птушанятам лепш вылятаць з гнязда?

Каманда даследчыкаў з універсітэту Мантаны (ЗША) знайшла, што птушаняты і іх бацькі павінны дамаўляцца нейкім чынам пра час, калі першыя павінны пакінуць сваё гняздо. У публікацыі, якая з'явілася ў навуковым часопісе Science Advances, навукоўцы апісваюць як гэта адбываецца ў розных групах птушак.


Многія сучасныя віды птушак будуюць гнёзда, у якіх адбываецца інкубацыя яек і абаграванне і кармленне птушанят т.зв. гнездавога і пераходнага тыпу (якія не могуць самастойна харчавацца і перасоўвацца за бацькамі). Аднак з часам птушаняты вырастаюць і надыходзіць час пакінуць гняздо. Але як птушаняты і іх бацькі ведаюць, што менавіта цяпер гэта будзе зрабіць найлепш? Гэтае пытанне вывучалася не так часта. 

Каб адказаць на яго, навукоўцы выкарыстоўвалі запіс з гнёздаў 11 відаў вераб'іных птушак з дапамогай высокахуткасных камер, што дапамагло лепш зразумець здольнасці птушанят да палёту. Запісы таксама дазволілі  вельмі дакладна ўбачыць момант вылету з гнёздаў і тое, што адбывалася па-за гняздом далей.

Атрымалася знайсці адрозненні паміж відамі: адны дазвалялі птушанятам застацца ў гняздзе даўжэй, іншыя - не. Таксама рознай была велічыня смяротнасці птушанят-злёткаў. 


У некаторых відаў тыя злёткі, што выляцелі раней і ўжо мелі дастаткова развітыя крылы, выжылі ў большай колькасці, чым тыя, якія засталіся ў гнёздах даўжэй - бо не паспелі навучыцца добра лятаць. Акрамя гэтага, такія птушаняты таксама мацней прыцягвалі да гнязда - і да сябе - увагу драпежнікаў, бо канцэнтраваліся ў адным месцы і гучна прасілі ежу ў бацькоў менавіта з яго. 


Такім чынам, вылятаць ці заставацца? Даследчыкі паказалі, што ў відаў, у якіх птушаняты пакідаюць гняздо раней і  яшчэ лятаць не ўмеюць, бо не маюць дастаткова развітых крылаў, адзначаецца большая смяротнасць сярод такіх птушанят. Эксперыментальная затрымка падобных птушанят у гнёздах да часу лепшага развіцця крылаў дазволіла зменшыць смяротнасць пасля вылету іх з гнязда. 


Аднак менавіта адносіны паміж бацькамі і іх птушанятамі дазваляюць знайсці баланс паміж стратамі ад драпежнікаў на гнёздах і пасля вылету з іх. 

Крыніца:
 Thomas E. Martin et al. Age and performance at fledging are a cause and consequence of juvenile mortality between life stages, Science Advances (2018). DOI: 10.1126/sciadv.aar1988

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак соек на гняздзе Сяргея Чарапіцы