Лета спяшаецца да сваёй паловы. І палявыя вераб'і (Passer montanus), як і некаторыя іншыя нашы вераб'іныя птушкі, ужо дакармліваюць свой другі вывадак. Аднак пад час назіранняў за двума птушанятамі і адным з бацькоў атрымалася заўважыць цікавыя паводзіны, якія я не адразу інтэрпрэтаваў:
Адзін з птушанят пастаянна сядзеў на плоце, час ад часу на некалькі секунд засынаў, а калі не спаў, то раўнамерна, манатонна і пастаянна чырыкаў, нагадваючы пра сябе. Побач з ім амаль увесь час знаходзіўся і другі малы. А вось дарослы верабей пастаянна злятаў у розныя месца вакол патомкаў і збіраў для іх ежу, пераважна насякомых, якіх потым акуратна ўкладваў у раскрытыя дзюбы. Раней у гэтым годзе я ўжо назіраў за іншымі вывадкамі і бачыў, што галодныя птушаняты стараюцца не адставаць ад бацькоў і падлятаюць-падскокваюць за імі на невялікай адлегласці. А калі і здараюцца выпадкі, што бацькі самі прыносяць ім ежу, гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. тут жа ўсё было наадварот - нехта з бацькоў сам прыносіў ім ежу, а птушанят нават і не думалі сачыць за тым, куды дарослая птушка злятае-знікае.
Магчымых тлумачэнняў падобных паводзін было 2: або птушангяты былі хворыя (напрыклад, заражаныя глістамі) і таму параўнальна неактыўныя. Але знешне яны выглядалі добра і таму я схіляюся да таго, што проста не былі галодныя.
Праз нейкі час птушаняты ўсё ж пераляцелі з плоту у бліжэйшую вішню. Хутчэй за ўсё іх вымусіў гэта зрабіць моцны вецер, які часам амаль здуваў іх з адкрытай прысады (гл. апошнія здымкі).
Гродна, 24-06-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ