Сойкі (Garrulus glandarius) дэманструюць “пластычную тактыку” пад час восеньскіх пошукаў ежы, пераключаючы яе з “запасання” на кражу ежы ў іншых соек.
Гэтыя яркія і параўнальна невялікія нашы прадстаўнікі сямейства Крумкачовых жывуць пераважна ў лясах і пасля сезону гнездавання харчуюцца амаль выключна жалудамі. Папярэднія даследаванні навукоўцаў з Кембрыджскага ўніверсітэту паказалі надзвычайную здольнасць соек “планаваць будучыню” і рабіць запасы тысяч жолудаў, хаваючы іх і вяртаючыся да іх у часе патрэбы.
У новым даследаванні была вызначана сацыяльная іерархія 14 соек пасля працяглых назіранняў за іх паводзінамі ў авіярыі. Каб прасачыць асаблівасці запасання імі ежы, навукоўцы прапанавалі сойкам разнастайную ежу, ў тым ліку і найбольш любімыя птушкамі жалуды.
"Дамінуючыя /ў групе/ птушкі хавалі шмат адзінак ежы, часта вяртаючыся за новымі кавалкамі і без сумненняў бралі ежу са схованак, зробленых “падначаленымі” сойкамі, часта робячы гэта калі яны бачылі грабёж.” – сказаў праф. Нікі Клэйтан (Nicky Clayton), які ўзначальваў працу Рашэль Шоў (Rachael Shaw). "У супрацьлегласць гэтаму калі тыя ж сойкі калі заставаліся ў кампаніі з птушкамі больш высокага рангу, яны стараліся хаваць жалуды калі тыя іх не бачаць. А калі кралі жалуды са схованак, чакалі пакуль больш “высокапастаўленыя” сойкі будуць на добрай адлегласці.”
Паводле меркавання прафесара Клэйтана, пластычны адказ на сацыяльны кантэкст у абодвух сытуацыях – пад час прыхавання ежы і пад яе выкрадання з чужых схованак можа сведчыць пра кагнітыўныя стратэгіі хутчэй, чым пра навучанне ці ўроджаныя паводзіны.
Атрыманыя вынікі ставяць больш шырокае пытанне – як увогуле маглі з’явіцца падобныя інтэлектуальныя здольнасці сярод прадстаўнікоў сямейства?
Многія віды крумкачовых, уключна з крумкачамі і каўкамі, ёсць сацыяльнымі жывёламі. Гэта значыць, што яны жывуць у групах пастаянна або хаця б нейкі час.
Раней навукоўцы разважалі такім чынам, што наладжванне адносінаў у гэтых сацыяльных групах і прывяло да высокіх паказчыкаў інтэлекту ў крумкачовых. Аднак сойкі вельмі тэратэрыяльныя птушкі, якія выразнымі крыкамі папярэджваюць іншых пра занятую тэрыторыю. Такім чынам праф. Клэйтан лічыць, што сучаснае сацыяльнае асяроддзе відаў не можа растлумачыць іх кагнітыўныя здольнасці.
Артыкул быў надрукаваны ў часопісе Animal Behaviour.
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак з www.madarbarat.god.hu
На гэтую тэму:
ПТУШКІ ТАКСАМА РАЗВІТВАЮЦЦА З ПАМЕРЛЫМІ
Разумныя сойкі плануюць будучыню
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ