Навукоўцы паведамляюць, што адна з баек Эзопа можа быць заснавана на назіраннях у прыродзе. У байцы, якая была напісана больш 2000 гадоў таму, варона выкарыстала камяні, каб падняць узровень вады ў збане і напіцца. Цяпер у артыкуле, апублікаваным у часопісе Current Biology, пацверджваецца, што гракі (блізкія крэўныя варОнаў) робяць падобныя рэчы, калі апынуцца ў падобнай сітуацыі.
Каманда даследчыкаў піша пра тое, што гракі вельмі крэатыўныя выкарыстальнікі розных прылад, хаця лічыцца, што яны не выкарыстоўваюць іх у прыродным асяроддзі. Эзоп хацеў нагадаць сваёй байкай пра варону і збан, што неабходнасць ёсць асновай ўсіх вынаходніцтваў. Але да гэтага часу лічылася, што яна не заснаваная на фактах.
І вось, каманда навукоўцаў з універсітэтаў Кембрыджу, Queen Mary і Лондану (QMUL) паказала падобныя вынікі на граках, якіх утрымлівалі ў вальерах. Птушкам паказалі празрыстыя прабіркі, ў якіх было наліта трошкі вады. Зверху плавалі смачныя чарвякі. Каля прабірак былі пакладзены каменчыкі.
Д-р Натан Эмеры (Dr Nathan Emery), адзін з аўтараў даследавання, які працуе ў QMUL, сказаў: "Каб дастаць чарвякоў, гракам трэба было накідаць у прабірку дастаткова каменчыкаў, каб чарвякі ўсплылі на самы верх."
І ўсе чатыры птушкі зрабілі менавіта так! Дзве птушкі, якія маюць імёны Cook і Fry, накідалі каменчыкі, каб чарвякі падняліся разам з вадой, з першай жа спробы. Тады як два другіх грака, Connelly і Monroe, справіліся з гэтым з другой спробы.
Перш чым кідаць каменчыкі, гракі зазіралі ў прабірку і з бакоў, і з верху. Цікава, што птушкі кідалі толькі столькі каменчыкаў, колькі было трэба, каб чарвякі падняліся з вадой і гракі маглі дастаць іх дзюбай.
У наступным эксперыменце гракам ставілася падобная задача. Аднак на гэты раз даследчыкі прапанавалі птушкам каменчыкі рознага памеру. І тады гракі выбралі большыя каменчыкі, каб вада з кормам паднялася хутчэй. Д-р Эмеры пракаментаваў гэта так: “Гракі стараліся дзейнічаць як мага больш эфектыўна”.
Калі ж птушкам прапанавалі прабіркі з кормам, які быў насыпаны ў пілаванне або ў ваду, яны выбралі апошнія. Таму даследчыкі кажуць, што іх эксперыменты пацверджваюць, што байка Эзопа магла быць заснавана на фактах. “У такіх гісторыях цяжка з дакладнасцю да віду сказаць, пра якую менавіта птушку ідзе гаворка. Таму “варона” Эзопа магла насамрэч быць граком”.
'No surprise'
Цікава, што на пачатку гэтага году тая ж каманда навукоўцаў таксама ў шэрагу эксперыментаў паказала, што гракі могуць выкарыстоўваць шэраг прылад каб вырашыць розныя праблемы.
Д-р Эмеры пракаментаваў гэта так: “Магчыма яшчэ 2-3 гады таму гэтыя вынікі моцна здзівілі б мяне. Але цяпер мы атрымалі столькі цікавых фактаў, што гракам ужо цяжка сапраўды здзівіць. Бо я ўжо чакаю, што яны справяцца з амаль любой нашай задачай”.
Толькі яшчэ адзін від жывёлаў вядомы тым, што можа вырашыць праблему корму дакладна як варона з байкі Эзопа ці як гракі з эксперыменту. Гэта чалавекападобныя малпы – арангутаны.
Крыстофер Бёд (Christopher Bird), сааўтар публікацыі, дадае: "Крумкачовыя заўважна выдзяляюцца сваім інтэлектам. І сапраўды вельмі нагадваюць у гэтым і ў сваіх магчымасцях вырашаць розныя праблемы менавіта вялікіх прыматаў.”
Навукоўцы думаюць, што старажытны продак усіх крумкачовых выпрацаваў здольнасць выкарыстоўваць прылады, таму ўсе сучасныя прадстаўнікі сямейства хутчэй за ўсё здольныя да гэтага ж. Аднак толькі новакаледонскія крумкачы дагэтуль пастаянна выкарыстоўваюць прылады ў прыродзе, бо толькі іх “прымусіла” да гэтага іх асяроддзе.
Тут можна паглядзець кароценькія фільмікі, якія фіксуюць паводзіны гракоў у апісаных вышэй эксперыментах:
http://news.bbc.co.uk/2/hi/science/nature/8181233.stm
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ