Адкрыта рэкордная міграцыя бакаса працягласцю ў 6 тысяч кіламетраў

бакас

Французкія даследчыкі з дапамогай GPS перадатчыка адкрылі самую працяглую з вядомых дагэтуль міграцыю бакаса (Gallinago gallinago) з месца зімоўкі ў Францыі да месца гнездавання ў Расіі.

Адна з самак гэтага віду кулікоў праляцела рэкордныя 6 тысяч км, каб гнездаваць на поўначы Цэнтральнай Сібіры. Гэтая птушка была пазначаная перадатчыкам 23.02.2022 г. у мясцовасці Vauvert, у правінцыі Camargue на поўдні Францыі. Яе вясновая міграцыя пачалася 17 красавіка, пасля гэтага яна непрацяглы час адпачывала ў Венгрыі і тэрыторыі Расіі дасягнула 1 мая. Геаграфічную мяжу Еўропы,- Уральскія горы, птушка праляцела паміж 19 і 22 мая. Самка працягвала сваё падарожжа на ўсход і да 25 мая праляцела за трое сутак больш тысячы км, дзе і прыпынілася для гнездавання ў забалочанай пойме р.Енісей за Палярным колам. З 28 мая самка перастала пералятаць на больш-менш значныя адлегласці і атрымался, што за 40 дзён з пачатку міграцыі яна праляцела агулам каля 6 тысяч км.

мапа

Мапа, якая паказвае міграцыйныя шляхі і месцы гнездавання бакасаў, якія атрымалі спадарожнікавыя перадатчыкі пад час зімоўкі ў Францыі ў 2017-22 гг. Выразна бачны трэк самкі-рэкардсмена. (OFB)

Гэтае даследаванне – сумесны праект French Office for Biodiversity (OFB) і International Snipe Hunters Club. Усяго з 2017 г. мініятурнымі перадатчыкамі вагой ад 3 да 4 г былі пазначаныя 165 бакасаў, якія зімавалі ў Францыі. З іх толькі некалькі за гэтыя пяць гадоў гнездавалі на усход ад Уралу ў Сібіры, большасць жа бакасаў выбралі для гнездавання Скандынавію і краіны Усходняй Еўропы, а таксама еўрапейскую частку Расіі.

Калі ўсё будзе добра, даследчыкі спадзяюцца назіраць за восеньскай міграцыяй гэтай птушкі прыкладна з пачатку верасня або нават з кастрычніка, пасля таго, як яна скончыць паслягнездавую ліньку. Каб мець магчымасць больш дэталёва адсочваць пералёт птушкі на захад да месцаў зімоўкі, з сярэдзіны чэрвеня перадатчык пераведзены ў рэжым эканоміі зарада батарэі і да сярэдзіны верасня будзе перадаваць сігналы толькі раз на тыдзень, пасля гэтага рэжым зменіцца на два сігналы на тыдзень.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Японскі бакас і кулічыныя рэкорды

Бекас - не совсем очередной возврат

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!

ДУБАЛЬТЫ ПАД ЧАС МІГРАЦЫІ МОГУЦЬ ЛЯЦЕЦЬ НА ВЫШЫНІ АД 6 ДА АМАЛЬ 9 КМ!

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці!+ VIDEO

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, У ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ

САМЫ ЗНАКАМІТЫ КУЛІК “НАЛЯТАЎ” УЖО 400 ТЫСЯЧ КМ !