Пестыцыды і гербіцыды – найважнейшая прычына змяншэння колькасці птушак у Еўропе

кнігаўка

Вялікая каманда навукоўцаў з розных краін Еўропы вызначыла, што галоўнай прычынай змяншэння папуляцый птушак у Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі, сярод многіх іншых, з’яўляецца інтэнсіўнае выкарыстанне пестыцыдаў і гербіцыдаў ў сельскай гаспадарцы.

Нядаўна апублікаванае папярэдняе даследаванне сцвярджае, што за апошнія 50 гадоў агульная колькасць дзікіх птушак у краінах Еўразвязу і Вялікабрытаніі зменшылася на 550 мільёнаў асобін. Прычым галоўнымі прычынамі гэтага драматычнага змяншэння лічацца забруджванне, знікненне і дэградацыя месцапражыванняў птушак. У гэтым даследаванні больш за 50 спецыялістаў, якія прадстаўляюць розные галіны біялогіі, вырашылі больш дэталёва вызначыць што адбылося і чаму.

Для гэтага быў выкарыстаны вялікі масіў дадзеных з розных крыніц, атрыманых у тым ліку і дзякуючы базам дадзеных т.зв. грамадзкай навукі за апошнія 40 гадоў для 28 краін Еўропы ўключна з Вялікабрытаніяй. Гэтыя дадзеныя не толькі пацвердзілі катастрафічнае змяншэнне папуляцый для большасці відаў еўрапейскіх птушак, але і вызначылі галоўную прычыну гэтага – выкарыстанне пестыцыдаў і гербіцыдаў. Інтэнсіўнае выкарыстанне гэтых хімічных рэчываў у сельскай гаспадарцы негатыўна ўздзейнічае на дзікіх птушак і наўпрост, і апасрэдавана і прыводзіць не толькі да захворванняў і гібелі, але і знішчае безхрыбетных і насенне пустазелля, якім харчуюцца многія віды птушак.

дыяграмы

Узаемасувязь паміж антрапагенным прэсам, трэндамі колькасці птушак (bird trends) і часам. (A) Эфекты плошчы сельгаспалеткаў, лясоў, урбанізацыі і тэмператур і іх трэндаў на трэнды колькасці птушак (1996-2016, 141 від). Атрыманы дзякуючы частковай найменшай плошчавай рэгрэсіі (partial least square regression (PLS)). (B) Размяшчэнне сілы уздзеяння розных фактараў на птушак у часе. Колькасць відаў з негатыўным і пазітыўным трэндам колькасці паказана ў выглядзе сярэдніх каэфіцыентаў С-мапы (mean S-map coefficients). Паводле Rigal et al 2023.

Агулам навукоўцы знайшлі, што толькі з 1980 году папуляцыі дзікіх птушак зменшыліся ў Еўропе на 25%. Сярод відаў, якія пацярпелі найбольш, аказаліся насякомаедныя. Сярод груп, якія гняздуюць у розных экасістэмах, найгоршая сытуацыя у відаў сельгаспалеткаў – іх агульная колькасць зменшылася за апошнія 40 гадоў амаль на 57%. Птушак гарадоў стала менш амаль на 28%, а лясных відаў на 18%.

Такім чынам, інтэнсіўная сельская гаспадарка прычынілася да маштабных змяншэнняў дзікіх птушак, а ўрбанізацыя займае ў гэтым спісе сумнае другое месца.

Крыніца: Stanislas Rigal et al, Farmland practices are driving bird population decline across Europe, Proceedings of the National Academy of Sciences (2023). DOI: 10.1073/pnas.2216573120

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчўскі

Здымак кнігаўкі яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў

Сучасныя пестыцыды змяншаюць вагу птушак і парушаюць іх арыентацыю

Амаль траціна дзікіх птушак знікла ў Паўночнай Амерыцы за апошнія 50 гадоў

Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак

Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі

Новае пакаленне пестыцыдаў масава забівае птушак, як раней ДДТ

ЗША абмежавалі выкарыстанне небяспечнага для птушак інсектыцыду