Вялікая група навукоўцаў з ЗША і Канады змагла абагульніць і параўнаць дадзеныя з улікаў птушак, зробленыя з 1970 г. да нашага часу. Паводле іх падлікаў, агульная колькасць гняздуючых дзікіх птушак у гэтых краінах за мінулыя амаль паўстагоддзя зменшылася на 29%.
Гэтыя шакуючыя дадзеныя каментуюць д-р Джон Фіцпатрык (Dr. John W. Fitzpatrick), дырэктар Cornell Lab of Ornithology, і д-р Пітэр Марра (Dr Peter P. Marra), дырэктар Georgetown Environment Initiative:
Змяншэнне гняздуючых папуляцый усіх птушак у ЗША і Канадзе на 2,9 мільярда асобін, пра якое мы даведаліся з публікацыі ў часопісе Science, гэта вынік параўнаўчай працы навукоўцаў з 7 даследчых інстытутаў з ЗША і Канады.
Як арнітолагі і дырэктары двух вялікіх даследчых інстытутаў, якія кіравалі гэтай працай, нават мы былі шакаваныя атрыманымі вынікамі. Мы ведаем з папярэдніх публікацый пра добра задакументаваныя значныя страты сярод вераб’іных і марскіх птушак. Аднак узровень змяншэння колькасці ў паўночнаамерыканскіх папуляцыях 300 відаў птушак насамрэч нашмат большы, чым мы чакалі і, акрамя гэтага, шырокараспаўсюджаны па ўсяму кантыненту.
Тое, што робіць публікацыю сапраўды важнай - гэта маштабы і дакладнасць выкарыстаных дадзеных. Птушкі – найлепш вывучаная група жывёл, стан іх папуляцый маніторыцца шмат дзесяцігоддзяў як навукоўцамі, так і больш шырокімі коламі насельнцітва дзякуючы папулярнасці т.зв. “грамадзкай навукі”. У апошнія гады, каб лепш адсочваць начныя міграцыі птушак, арнітолагі сталі выкарыстоўвываць 143 высокадакладных мецеаралагічных радара, аб’яднаных у адну сетку. Публікацыя аб’яднала ўсе даступныя дадзеныя і атрыманыя вынікі афіцыйна агучылі існаванне несумненнага крызісу з захаваннем дзікай прыроды: больш за палову птушак адкрытых ландшафтаў (лугоў і прэрый) зніклі – іх стала менш агулам на 717 мільёнаў! Маштабы знікнення сярод лясных відаў яшчэ горшыя – іх папуляцыі зменшыліся больш, чым на мільярд асобін!
Больш людзей, менш птушак
Параўнанне колькасці дзікіх птушак на аднаго жыхара ЗША і Канады ў 1970 і 2018 г.
Значныя страты адбыліся сярод самых звычайных відаў. Напрыклад, гняздуючых чырвона-плечых трупіялаў (Agelaius phoeniceus) стала менш на 92 мільёны. На чвэрць зменшылася папуляцыя блакітных соек (Cyanocitta cristata) і на палову – балціморскіх авельгаў (Icterus galbula). Гэта ўсё – агульнавядомыя ў Паўночнай Амерыцы віды, якія робяць тут вясну каляровай і спяваючай. І хаця нікуды не знік наш абавязак захаваць найперш знікаючыя віды птушак, значныя страты сярод звычайных відаў паказваюць глыбіню і маштабы крызіса, ў якім апынулася наша прырода.
Птушкі з’яляюцца выдатнымі індыкатарамі стану тых экасістэм, у якіх жывуць. Таму іх масавае знікненне служыць моцным сігналам таго, што гэтыя экасістэмы маюць вялікія праблемы з нармальным функцыянаваннем. На жаль, гэтая апошняя публікацыя – толькі адна ў раду многіх падобных сведчанняў паглыблення праблем.
Усе падобныя даследаванні падкрэсліваюць негатыўны характар антропацэну – новай геалагічнай эпохі, калі прыродныя экасістэмы незваротна дэградуюць і знішчаюцца з-за нашай дзейнасці. Як глыбока яны адбудуцца, перш чым грамадзтва скажа “Хопіць!”?
Канадскія казаркі, здымак Уладзіміра Бондара
Добра, што не ўсе навіны кепскія. Згодна з публікацыяй у Science, з 1970 года папуляцыі паўночнаамерыканскіх гусей і качак павялічыліся на 56%. І гэта зусім не выпадкова. Практычна ўсю першую палову мінулага стагоддзя ў папуляцыях вадаплаўных птушак адбываліся негатыўныя змены, якія апошнія паўстагоддзя адзначаныя для многіх вераб’іных птушак. Тагачасныя паляўнічыя і прыродаахоўныя арганізацыі змаглі дамовіцца і значна палепшыць становішча: ЗША і Канада прынялі заканадаўства, якое захоўвала водна-балотныя ўгоддзі, а дамовы з Мексікай дапамаглі ахоўвываць мігрыруючыя віды гусей і качак. Немалаважна тое, што прыняццё рашэнняў было заснаванае на навуковых дадзеных і рэкамендацыях навукоўцаў, а прыватныя донары-філантропы ахвяравалі значныя сродкі для захавання балот і прыродных вадаёмаў. Дадаткова мільёны акраў водна-балотных угоддзяў аднаўляліся і трапілі пад ахову асобных штатаў ці на федэральным узроўні. У выніку сёння вадаплаўныя – вельмі паспяховая група птушак.
Знікненне і дэградацыя месцапражыванняў – асноўная праблема і прычына знікненняў многіх відаў і асобных груп птушак. Таму дзеянні па захаванню прыродных экасістэм і іх кампанентаў, абмежаванню іх ператварэння і дэградацыі павінны быць і заставацца прыярытэтам у ахове прыроды. Аднак нельга забываць і пра іншыя значныя прычыны знікнення дзікіх птушак: здзічэлыя і хатнія каты забіваюць мільярды птушак штогод, сотні мільёнаў разбіваюцца пад час сутыкненняў з будынкамі і іншымі нашымі пабудовамі, гінуць на ЛЭП і ў ветравых парках. Новыя пакаленні пестыцыдаў працягваюць забіваць птушак ускосна ці наўпрост. А змены клімату пагражаюць толькі паглыбіць праблемы птушак.
Прырода не павінна лічыцца раскошай, бо яна з’яўляецца крытычна неабходным асяроддзем для захавання біяразнастайнасці і нашага існавання на гэтай планеце.
Крыніцы:
K.V. Rosenberg el al., "Decline of the North American avifauna," Science (2019). science.sciencemag.org/lookup/ … 1126/science.aaw1313;
Census Bureau; Population Reference Bureau; Statistics Canada. U.S. population figures exclude Hawaii and U.S. island territories, which were not part of the continental bird study.
Паводле www.nytimes.com (тэкст і дыяграма) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак чырвонаплечага трупіала - Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі
Сучасныя пестыцыды змяншаюць вагу птушак і парушаюць іх арыентацыю
Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак
Новае пакаленне пестыцыдаў масава забівае птушак, як раней ДДТ
Каты забіваюць штодзень у Аўстраліі больш мільёна птушак
Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак
Птушкі разбіваюцца аб ЛЭП, бо не заўважаюць правадоў
Перамога арлоў і арланаў: суд у ЗША адмяніў “правіла 30 гадоў”
Новае шкло можа зменшыць на мільярды смяротныя сутыкненні птушак з вокнамі толькі ў Злучаных Штатах
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ