Новае шкло можа зменшыць на мільярды смяротныя сутыкненні птушак з вокнамі толькі ў Злучаных Штатах

Мільярды птушак могуць быць выратаваныя штогод дзякуючы значнаму змяншэнню колькасці сутыкненняў птушак з аконным шклом. Для гэтага неабходна ажыццявіць простыя меры: прымяніць дзе гэта магчыма спецыяльную плёнку, зменшыць начное асвятленне ў будынках, паправіць ландшафт каля забудовы, зрабіць вокны лепш заўважнымі для птушак, піша ў The Wilson Journal of Ornithology ў адмысловым артыкуле амерыканскі орнітолаг.
Пасля серыі эксперыментаў з розным пакрыццём для пластыку і шыбаў, Дэніэл Клэм-малодшы (Daniel Klem Jr.), орнітолаг з каледжу Muhlenberg у Allentown, штат Пенсільванія, нарэшце знайшоў такое, якое ўтварае візуальныя перашкоды для птушак і можа значна зменшыць колькасць іх сутыкненняў з вокнамі. Адначасова яно не патрабуе велізарных выдаткаў і не змяншае сваю празрыстасць для людзей. Найлепшым аказалася плёнка, якая налепліваецца са знешняга боку шыбаў і ўяўляе з сябе пакрыццё, якое ў адных плямах прапускае, а ў іншых абсарбіруе ўльтрафіялетавыя промні. Такія шыбы робяцца бачнымі для птушак, а плямы застаюцца невідочнымі для людзей. 
Калі прымяняць знойдзеную плёнку толькі для пакрыцця шыбаў у новых будынках, гэта выратуе мільёны птушак.
“Сутыкненні птушак з шыбамі часцей за ўсё адбываюцца ў светлы час сутак на невялікай вышыні, калі птушкі блытаюць адлюстраванне ў вокнах з працягам навакольных ландшафтаў і разбіваюцца аб іх.” – сказаў Клэм. Аднак многія птушкі разбіваюцца аб шыбы і на вялікай вышыні. Тут птушкі проста не заўважаюць шыбы, бо яны для іх не бачныя.
Смяротнасць птушак па ўсім Свеце з-за сутыкненняў з шыбамі застаецца другой па значнасці пасля страты месцаў пражывання. Ў ЗША больш за мільярд птушак гіне па гэтай прычыне. Гэта значна больш за смяротнасць ад свойскіх катоў (сотні мільёнаў), паляванняў на птушак людзьмі (120 мільёнаў), сутыкненняў з транспартам (60 мільёнаў) і лопасцямі ветраных электрастанцый (400 тысяч смяротных выпадкаў штогод). Такім чынам, робячы шыбы бачнымі для птушак, людзі могуць значна зменшыць іх смяротнасць.
Аднак іншыя меры таксама могуць дапамагчы птушкам. Паводле вынікаў даследаванняў Клэма з калегамі, якое яны правялі ў час міграцый у 2006 і 2007 гг. у Нью Йорку, калі б можна было б прыбраць кусты і дрэвы непасрэдна перад будынкамі, зменшыць пакрыццё глебы штучнымі матэрыяламі, замяніць празрыстае і шкло, пакрытае напыленнем для адлюстравання, гэта магло б зменшыць смяротнасць птушак толькі ў амерыканскіх гарадах на 34 мільёны выпадкаў.

Іншыя працы паказалі, што мігрыруючыя птушкі могуць збівацца пад уздзеяннем моцнага гарадзкога начнога асвятлення са свайго шляху. Таму папулярныя сёння праграмы па змяншэнню асвятлення будынкаў уначы ці нават поўнага яго адключэння таксама могуць дапамагчы птушкам, а таксама з’эканоміць электраэнергію.

Табліца адлюстроўвае галоўныя прычыны смяротнасці птушак у ЗША штогод (паводле Klem et al., 2009)

Паводле www.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

Comments

Наконт сутыкненьняў з вокнамі лічбы сапраўды нейкія "запредельные".

Я спачатку пераклаў billions як мільёны, а потым глянуў на табліцу - мільярды!

Віды ці нават групы птушак, якіх забіваюць паляўнічыя, якіх лапаюць каты ды якія гінуць ад турбін - будуць значна адрознівацца. Таму проста колькасьць ці яе ацэнкі слаба дапамагаюць зразумець фатальнасьць розных працэсаў і іх значнасьць ў сьмяротнасьці розных груп.