Каты забіваюць штодзень у Аўстраліі больш мільёна птушак

Згодна з ацэнкай аўстралійскіх навукоўцаў, якія ўпершыню на аснове шматлікіх даследаванняў атрымалі лічбы, якія ўражваюць, каты штогод забіваюць на зялёным кантыненце прыкладна 377 мільёнаў дзікіх птушак! Гэта значыць, што і бадзяжныя, і хатнія каты ўяўляюць сур’ёзную праблему для мясцовай прыроды, якую дагэтуль яўна недаацэньвалі.

Каб зрабіць найбольш акуратную ацэнку, каманда даследчыкаў адпаведным чынам інтэрпрэтавала дадзеныя амаль са 100 публікацый, прысвечаных складу харчавання свойскіх катоў у Аўстраліі. Атрымалася, што яны забіваюць і з’ядаюць у сярэднім двух дзікіх птушак кожныя пяць дзён.

Бадзяжныя і каты ў сельскай мясцовасці забіваюць штогод 272 мільёны птушак, асабліва вялікія лічбы атрыманы для засушлівых раёнаў кантыненту (дзе ад катоў гіне нават да 330 птушак на квадратны км у год) і для астравоў, дзе ўзровень смяротнасці значана залежыць ад памераў участкаў сушы.

На меншай колькасці дадзеных таксама была атрымана ацэнка ўздзеяння на дзікіх птушак свойскіх катоў, якія жывуць у невялікіх паселішчах і вакол гарадоў у значна змененым чалавекам прыродным асяроддзі – яны забіваюць 44 мільёны птушак штогод. Дадаткова, яшчэ каля 61 мільёна дзікіх пяртнатых ловяць нашы хатнія пітомцы ў гарадах.

Такім чынам, атрымалася агульная лічба – 377 мільёнаў птушак - каты забіваюць у Аўстраліі штогод, ці больш мільёна штодня!

Калі ж прыгадаць відавы склад забітых катамі птушак, то атрымліваецца, што гэта 330 мясцовых відаў, ці амаль палова спісу птушак Аўстраліі! У прыродных біятопах 99% забітых птушак – абарыгенныя для Аўстраліі віды. Сярод 117 відаў, якім пагражае знікненне, каты адзначаныя ў забойстве прадстаўнікоў 71 з іх. Агульна кажучы, найбольшая імавернасць трапіць у кіпцюры катоў маюць тыя з птушак, якія гняздуюць і/або харчуюцца на зямлі, жывуць на астравах, маюць сярэднія памеры (вага цела паміж 60 і 300 г).

Вельмі цяжка ўявіць сотні мільёнаў забітых птушак – ці шмат гэта ў адносінах да агульнай колькасці птушак Аўстраліі? Калі прыняць за агульную колькасць для кантыненту прыкладна 11 мільярдаў асобін немарскіх птушак, то тады каты забіваюць штогод 3- 4% з іх штогод.

Атрыманыя намі ацэнкі ніжэйшыя, чым прыводзяцца, напрыклад, для ЗША і вышэйшыя, чым знойдзена для Канады. Аднак як і ў выпадку для Аўстраліі, людзі хутчэй схільныя значна недаацэньваць узровень смяротнасці дзікіх птушак і звяроў ад катоў.

Хаця федэральны аўстралійскі ўрад прыняў Стратэгію па захаванні пагражаемых відаў Threatened Species Strategy , дзе каты прызнаныя адной з сур’ёзных пагроз захаванню біяразнастайнасці, аднак прынятыя рэкамендацыі хутчэй заснаваныя на дзеяннях па захаванні мясцовых млекакормячых і ролі катоў у знікненні аўстралійскіх звяроў-эндэмікаў.

У стратэгіі прапануецца канктраляваць колькасць катоў, знішчаць іх на астравах з найбольш каштоўнай біяразнастайнасцю, а таксама пашыраць агароджаныя тэрыторыі, куды не могуць трапіць каты і лісы (абодва віды- чужародныя для Аўстраліі).

Аднак агароджаныя тэрыторыі могуць быць раем для мясцовых звяроў, аднак, не для птушак, якія перамяшчаюцца больш актыўна. Таму кантроль колькасці катоў на кантыненце – асноўная магчымасць зменшыць іх шкоднае ўздзеянне на мясцовую фауну. І без сумневаў, хатнія пітомцы павінны заставацца ў хатах, а не знішчаць дзікіх птушак на падворках ці па-за імі.

Паводле www.theconversation.com (тэкст і здымак)падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Трэба ахоўваць птушак ад … катоў

АЎСТРАЛІЙЦЫ НАРЭШЦЕ АЧЫСЦЯЦЬ КРАІНУ АД ІНТРАДУКАВАНЫХ ЗВЯРОЎ?

БАДЗЯЖНЫЯ КАТЫ – АДНА З НАЙБОЛЬШЫХ ПАГРОЗ СУСВЕТНАЙ БІЯРАЗНАСТАЙНАСЦІ

Як прагнасць і глупства людзей зрабілі птушак падвойнымі шкоднікамі

СУЧАСНЫЯ МЕТАДЫ ПАПРАВІЛІ ЎЯЎЛЕННІ ПРА ВЫНІШЧЭННЕ АЎСТРАЛІЙСКАЙ МЕГАФАУНЫ

Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

Вызначаныя ўсё віды моа

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.