Гэты год аказазаўся багаты на паведамленні пра не толькі незвычайныя выпадкі гнездавання буслоў, але і на тое, што яны параўнальна паспяхова скончыліся. На прыканцы ліпеня чакаецца вылет з гнязда і пачатак самастойнага жыцця двух птушанят, якія хутчэй за ўсё з’яўляюцца першымі ў Свеце гібрыдамі паміж чорным (Ciconia nigra) і белым (C. ciconia) бусламі.
Гэтая нешэраговая падзея адбываецца ў горадзе Lüder, зямля Ніжняя Саксонія (ФРГ), дзе вясной утварылася пара з самкі чорнага і самца белага бусла і, у адрозненне ад падобнага выпадка ў Чэхіі, птушкі не толькі змаглі застацца разам на працягу ўсяго сезону гнездавання, але і блізкія да моманту вылета двух сваіх птушанят.
Гэтая ж самка чорнага бусла ў мінулыя гады прыцягнула ўвагу мясцовых арнітолагаў, бо і раней спрабавала ўтварыць пару з белымі бусламі, але тады нічога з гэтага не атрымалася.
Існуе шэраг адрозненняў ў біялогіі і экалогіі абодвух відаў і яны пад час гнездавання гэтай змяшанай пары часам прыводзілі да непаразуменняў або канфліктных сытуацый. Пара заняла штучнае гняздо, якое раней выкарыстоўвалі для гнездавання белыя буслы. Перад адкладкай яек самка чорнага бусла выклала латок зялёным мхом, але самец белага бусла паскідваў увесь мох і замест яго прынёс у латок траву. Да 19 красавіка самка адклала ў гняздзе 3 яйкі, а 20 мая там былі заўважаны 2 свежанароджаныя бусляняты. Прычым птушаняты выразна адрозніваліся адзін ад аднаго спачатку колерам пуху, а пазней і пер’я: адзін з іх больш нагадваў белага, а другі – чорнага бусла, хаця і з яўнымі адрозненнямі ад ‘чыстых’ птушанят гэтых відаў.
Выявіліся і адрозненні бацькоў якой ежай карміць птушанят: белы бусел прыносіць у гняздо грызуноў і насякомых, тады як чорны пераважна рыбу.
Абодва гібрыдныя птушаняты добра растуць і чакаецца, што на прыканцы ліпеня яны пакінуць гняздо. Бусляняты атрымалі стандартныя октаганальныя нямецкія пластыкавыя кольцы тыпу ELSA, дзякуючы якім і іх яўна ўнікальнай афарбоўцы апярэння можна будзе адсачыць іх далейшы лёс.
За рэдкім выключэннем (напрыклад, у гібрыдаў малога і вялікага арляцоў або вялікіх белагаловых чаек з роду Larus) гібрыды нават паміж блізкімі відамі птушак няплодныя і не могуць мець уласнае патомства. Але як будзе з гэтымі гібрыдамі белага і чорнага буслоў пакажа час.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.dda-web.de
На гэтую тэму:
ДЗІЎНЫЯ ВЫБАРЫ ПАРТНЁРАЎ БЕЛЫМІ БУСЛАМІ Ў ЧЭХІІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ