Хаця белы бусел (Ciconia ciconia) - параўнальна звычайны прыродны элемент у многіх нашых паселішчах (можа за выключэннем сярэдніх і вялікіх гарадоў), аднак калі птушкі засялілі тэрыторыю паўночнай і ўсходняй часткі Еўропы больш дакладна стала вядома толькі цяпер, пасля падрабязнага агляду архелагічных знаходак рэштак віда, зробленага нямецкімі навукоўцамі для нашага кантыненту.
Археолаг Dr. Ulrich Schmölcke з Leibniz-Zentrum für Archäologie у Schleswig (LEIZA) і арнітолаг Kai-Michael Thomsen з Michael Otto Institute within NABU (абодва - Германія), прааналізавалі ўсе даступныя ім навуковыя публікацыі і справаздачы находак птушыных костак паблізу або непасрэдна на стаянках і ў паселішчах чалавека прэгістарычнага і гістарычнага часу. Толькі публікацыі, зробленыя да 2000 году, ўтрымліваюць дадзеныя пра больш, чым 7,5 тысяч падобных месцаў, дзе археолагі знашлі рэшткі жывёл узростам ад апошняга ледавіка да ранняга новага часу па ўсёй Еўропе. Да іх дадалася і вялікая колькасць дадзеных, апублікаваных ўжо з пачатку нашага тысячагоддзя.
"Дзякуючы гэтай базе дадзеных, мы змаглі стварыць даволі праўдападобную карціну распаўсюджання белага бусла на працягу апошніх тысячагоддзяў” - сказаў Schmölcke. Згодна з ёй, яшчэ 1,5 тысячы гадоў таму від сустракаўся толькі на поўдні, самым захадзе (пераважна на Іберыйскім паўвостраве) Еўропы, а таксама на поўдні Балкан і ў басэйне верхняй часткі Рэйна.
"Да канца перыяда антычнасці межы арэалу белага бусла даволі дакладна супадалі з асноўнымі межамі тагачаснай Рымскай імперыі. Вядомыя нам пісьмовыя крыніцы таго часу кажуць пра тое, што бусел ужо тады даволі моцна асацыяваўся з паселішчамі чалавека” - сказаў Schmölcke.
Скамянелыя і іншыя парэшткі белых буслоў, знойдзеныя пад час археалагічных раскопак у Еўропе за тры гістарычныя перыяды яе засялення чалавекам пасля апошняга ледавіка і да пр. 1000-га году н.э. (падрабязней гл. лягенду на мапе). Шэрым колерам паказана сучаснае распаўсюджанне віду ў Еўропе у атласных квадратах (EBCC 2022). Аранжавая лінія паказвае усходнюю мяжу Рымскай імперыі пр. на 100-ы год н.э.. Блакітным пазначана тэрыторыя, на захад і ўсход ад якой адбываецца падзел агульнай папуляцыі віда на ўсходнюю і заходнюю, прычым птушкі з першай ляцяць на зімоўку ў Афрыку праз Басфор, а з другой - праз Гібралтар. Паводле Schmölcke et al. 2024
Па-за межамі Рымскай імперыі від, аднак, не мог знайсці адпаведных месцапражыванняў таму што тады шчыльнасць насельніцтва ў іншых частках нашага кантыненту была параўнальна невялікай, адкрытых мясцін, неабходных буслам для палявання, было значна менш, а сельская гаспадарка была настолькі экстэнсіўнай і неразвітай, што асабліва не павялічвала іх плошчу.
"Аднак прыкладна тысячу гадоў таму адбылося рэзкае пашырэнне белага бусла на паўночны ўсход, што адпавядае актыўнаму распаўсюджанню на гэтай тэрыторыі падсечна-агнявога тыпу земляробства ('Landesausbau'), калі шмат лясоў было знішчана для стварэння сельска-гаспадарчых земляў.” - сказаў Thomsen. "Такім чынам, можна сцвярджаць, што белы бусел - бенефіцыяр зробленых чалавекам зменаў ландшафтаў”.
Крыніца: Ulrich Schmölcke et al, Prehistorical and historical occurrence and range dynamic of the Eurasian Spoonbill (Platalea leucorodia) and the White Stork (Ciconia ciconia) in Europe, J of Ornithol (2024). DOI: 10.1007/s10336-024-02206-8
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
Будучыня белых буслоў – наша смецце?
Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты
Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?
Стэпавыя пустальгі жывуць у гарадах апошнія тысячагоддзі?
Неандэртальцы ўпрыгожвалі сябе птушынымі пёрамі
У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ