Стэпавыя пустальгі жывуць у гарадах апошнія тысячагоддзі?

Група гішпанскіх даследчыкаў вырашыла параўнаць палеанталагічныя, пісьмовыя звесткі і размяшчэнне сучасных калоній стэпавай пустальгі (Falco naumanni) на тэрыторыі сваёй і суседніх краін. Аказалася, што гісторыя сінурбізацыі віду мае нават 2.500 тысячы гадоў, але можа быць і больш працяглай.

Стэпавая пустальга як асобны від аддзялілася ад сокала-пустальгі (F. tinnunculus) у познім міяцэне. На сённяшні дзень больш, чым 95% гнездавых калоній гэтага віду ў Гішпаніі і іншых краінах Міжземнамор’я размяшчаюцца на будынках у гарадах і іншых паселішчах чалавека. Пазасталая частка калоній знаходзіцца на скалах, якія, хутчэй за ўсё і з’яўляюцца першапачатковым субстратам для размяшчэння гнёзд.

Выкапневыя парэшткі стэпавай пустальгі добра прадстаўлены ў пячорах і яе знаходкі, якія адносяць да перыяду ад ранняга да эпіпалеаліту, амаль цалкам супадаюць з яе сучасным распаўсюджаннем у рэгіёне. Згодна са старажытнарымскімі крыніцамі, такімі як Луцый Калумелла і Пліній Старэйшы (жылі у першым стагоддзі нашай эры) і са знойдзенымі парэшткамі на рымскай вілле пад Мадрыдам, стэпавая пустальга магла гнездаваць у тагачасных гарадзкіх будынках яшчэ 2-2,5 тысячы гадоў таму.

Сучасныя калоніі, якія захаваліся, не размяшчаюцца ў будынках, якія былі пабудаваныя да 1400 году ні ў Андалузіі, ні ва ўсёй Гішпаніі. З 349 калоній віда, якія былі зойдзены на гістарычных будынках, большасць знаходзіцца на пабудовах XV-XVII стагоддзяў. Такім чынам, калі лічыць гнездаванне на іх стэпавай пустальгі безперапынным, то тады даказаны працягласць гнездавання віду ў гарадах змяншаецца да 300-600 гадоў.

Але пісьмовыя звесткі, даступныя нам зараз, не апісваюць нічога падобнага раней, чым 200 гадоў таму датычна канкрэтных пабудоў у гішпанскіх гарадах. Фактычна толькі кафедральны касцёл у Севіл’і ўзгадваецца як месца бесперапыннага гнездавання віду як мінімум з 1834 да нашага часу. Хутчэй за ўсё, так атрымалася таму, што стэпавая пустальга была вельмі звычайным насельнікам гішпанскіх гарадоў і пісаць спецыяльна пра яе было б дзіўна. Гэтым можна растлумачыць адсутнасць пісьмовых згадак пра від да ХІХ стагоддзя.

Аўтары публікацыі прапануюць лічыць пачаткам сінурбізацыі віда час з’яўлення першых гарадоў у Міжземнамор’і і распаўсюджванне на гэтых землях побач з гарадамі сельскагаспадарчых палеткаў. У гарадах, на каменных пабудовах, сокалам было зручна гнездаваць, а на палях – лавіць здабычу, пераважна вялікіх насякомых. Час, калі гэта магло адбыцца, такім чынам можна адлічваць у тысячагоддзях.

Крыніца: Juan J Negro et al. A timeline for the urbanization of wild birds: The case of the lesser kestrel, December 2020, Quaternary Science Reviews 249 DOI:10.1016/j.quascirev.2020.106638

Паводле www.researchgate.net падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.koenfrantzen.com

 

 

На гэтую тэму:

У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!

Першым законам па ахове птушак і прыроды – тысячы гадоў!

Старажытныя егіпцяне знішчылі мільёны дзікіх птушак у рэлігійных мэтах