
Каманда нямецкіх навукоўцаў на вялікім матэрыяле даследавала даволі незвычайны для так невялікай птушкі Паўночнага паўшар’я характар штогадовай лінькі звычайнага зімародка (Alcedo atthis ispida) на паўночным захадзе Германіі.
Для гэтага было адлоўлена больш, чым 4 тысячы птушак і правяралася замена махавых і крыючых першаступовых махавых пасля першай лінькі крыла. Замена махавых у зімародкаў пачынаецца у другі календарны год жыцця. Негледзячы на ажно тры цэнтры лінькі, яе прагрэс вельмі павольны. Гэта найперш звязана з тым, што для паспяховай рыбалкі птушкам патрэбна выдатна лятаць і, адпаведна, мець у добрым стане махавыя. Звычайна на любой стадыі лінькі ў кожным крыле не хапае менш, чым 13% махавых пёраў і іх поўная лінька працягваецца каля 120 дзён.
Звычайна зімародкі гняздуюць ад 2 да 4 разоў за сезон. Час паміж апошнім гнездаваннем і пачаткам зімы звычайна закароткі, каб скончыць ліньку махавых. Каб пераадолець гэта, птушкі выкарыстоўваюць наступныя шляхі: перакрыццё гнездавання і лінькі, перарыванне лінькі або нейкая камбінацыя аднаго з другім. Многія зімародкі у другім календарным годзе жыцця маюць ужо скінутыя часткова старыя махавыя пёры на пачатку другога гнездавання ў сезоне, а затым прыпыняюць іх ліньку або працягваюць яе вельмі павольным тэмпам. Тым не менш, большая колькасць махавых выпадае пад час адкладкі яек і іх інкубацыі, чым пасля пачатку вылуплення птушанят, калі сям’і патрабуецца нашмат больш ежы і неабходна спраўнасць, каб яе здабываць.
У 84% усіх выпадкаў птушак, якія знаходзіліся на нейкай стадыі лінькі ў адпаведнай узроставай катэгорыі (n = 1072), у зімародкаў заставался ад 1 да 31 старага махавага (у сярэднім 7). У наступны год лінька працягвалася з месца, у якім прыпынілася. Калі і ў гэты раз не атрымлівалася замяніць усе махавыя, пёры, якія засталіся старымі, адрозніваліся ад тых з папярэдняга году (пасля першай лінькі) і параўнальна шмат пёраў з вялікай рызыкай зламацца было сярод іх. Магчыма каб пазбегнуць гэтага, тыя асобіны, якія мелі параўнальна шмат старага пер’я, пачыналі другую сваю ліньку раней звычайнага.
Неабходнасць працяглага сезону размнажэння звычайнага зімародка абумовіла такую незвычайную стратэгію лінькі, хутчэй за ўсё ў адзінага віду птушак ва ўмеранай кліматычнай зоне.
Крыніца: Bunzel-Drüke, M., & Zimball, O. 2025 The moult of remiges and primary coverts in the Western Common Kingfisher Alcedo atthis ispida: a moult strategy to accord with a very long breeding season. Ringing & Migration, 1–20. https://doi.org/10.1080/03078698.2025.2456747
Паводле www.tandfonline.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Паўла Лычкоўскага
На гэтую тэму:
Польскі зімародак апынуўся ў ... Вялікабрытаніі!
Зімародкі з Паўднёвай Афрыкі аказаліся далёкадыстанцыйнымі мігрантамі
Паўночнаамерыканскі зімародак адзначаны ў Гішпаніі.
Маладыя зімародкі любяць вандраваць
На прыкладзе археаптэрыкса апісаны самы ранні тып лінькі ў птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ