
Міграцыя, якую часцей за ўсё апісваюць як рэгулярныя перамяшчэнні асобін паміж двума ці большай колькасцю месцаў, звычайна адносіцца да пералётаў відаў з умеранай кліматычнай зоны, дзе яна абумоўлена значнай зменай працягласці светлай часткі сутак і сезоннымі зменамі ў доступе да асноўнага тыпу ежы. Тым не менш у тропіках, дзе амаль адсутнічае сезонны фотаперыядызм, падобныя міграцыі таксама магчымыя, але іх маштаб хутчэй за ўсё яўна недаацэнены.
Лясны зімародак (Halcyon senegalensis) - параўнальна вялікі від зімародкаў, які распаўсюджаны ў адкрытых краявідах (напрыклад, саваннах), лясах рознага тыпу і часам займае нават гарадзкія паркі ці прысядзібныя тэрыторыі амаль па ўсёй Афрыцы на поўдзень ад Сахары. Вылучаюць 3 падвіды, прычым H. s. cyanoleuca z Паўднёвай Афрыкі і H. s. senegalensis з зоны Сахеля і Заходняй Афрыкі часткова аселыя, а часткова мігрыруюць, тады як H. s. fuscopileus з Цэнтральнай і часткова Заходняй Афрыкі лічыцца цалкам аселым. Каб лепш зразумець міграцыю птушак, якіх адносяць да найбольшага памерамі першага падвіду, міжнародная каманда даследчыкаў з Mogalakwena Research Centre (поўнач ПАР) на працягу трох гнездавых сезонаў у 2016-19 гг адлавіла 20 дарослых птушак. На ногі зімародкам прымацавалі геалакатары масай 1,6 г кожны, якія акрамя працягласці светлай часткі сутак і даты запісывалі яшчэ атмасферны ціск і паскарэнне птушак пад час палёту. З-за таго, што ажно трэцяя частка (6 птушак) змагла вызваліцца ад геалакатараў, яны былі прымацаваныя на іх двойчы, а на адной птушцы тройчы, але і так апошняя ў рэшце рэшт здолелала пазбавіцца яго. Усяго атрымалася зноў адлавіць 4 зімародкаў і такім чынам атрымаць дадзеныя з 5 геалакатараў.
Усе птушкі адляцелі са сваіх гнездавых тэрыторый у ПАР паміж 22 сакавіка і 17 красавіка і гэты час супаў з канцом дажджавога сезону. Усё зімародкі паляцелі на поўнач і ў сярэднім пераадолелі адлегласць каля 4 тысяч км на працягу 73 дзён, прычым час ‘чыстага’ палёту атрымаўся ў кожнай з птушак у сярэднім 86,5 гадзін. Канчатковым месцам змоўкі стаў Паўднёвы Судан. Аднак пад час міграцыі зімародкі на даволі працяглы час прыпыняліся ў Замбіі, дзе дажджавы сезон на той час яшчэ працягваўся, а вось над экватарыяльнымі лясамі яны праляцелі хутка, часам робячы там толькі кароткія прыпынкі. Акрамя гэтага, зімародкі мелі параўнальна доўгі адпачынак (прыкадна 25 дзён) у 200 км на поўдзень ад канчатковага месца зімоўкі і гэты час таксама саўпаў з перыядам, калі мясцовая расліннасць яшчэ была там багатай. Месцы зімоўкі паасобных птушак знаходзіліся параўнальна блізка адна ад адной і максімальная адлегласць паміж імі не была большай, чым 100 км.
Мапа пералётаў усіх лясных зімародкаў з геалакатарамі і паасобных птушак. Паводле Rime et al. 2025.
Тры з чатырох птушак з геалакатарамі пачалі падарожжа назад, на поўдзень, у той самы дзень і гэтая дата саўпала з канцом дажджавога сезону на поўдні Судану. У параўнанні з паслягнездавой міграцыяй, перадгнездавая атрымалася значна карацейшай у часе (у сярэднім 26,9 дзён), прычым час ‘чыстага’ палёту быў больш працяглым - у сярэднім 93,6 гадзін. Тры птушкі прыляцелі на месцы гнездавання на працягу двух дзён у сярэдзіне лістапада і яшчэ адна - у першыя дні снежня як раз перад пачаткам сезону дажджоў і адпаведнай вегетацыі расліннасці.
Усе пералёты адбываліся выключна ўначы і пачыналіся яны праз 4 гадзіны пасля заходу сонца, а заканчваліся прыкладна ў 2:20 ночы. У сярэднім палёты адбываліся на працягу 2,7 гадзін і параўнальна часта. Аднак былі і нашмат больш працяглыя пералёты, якія доўжыліся ад 10,5 да 11,4 гадзіны, пачыналіся яны раней звычайнага часу і гэта была міграцыя над дажджавымі экватарыяльнымі лясамі. Акрамя гэтага, палёты на месца зімоўкі часцей суправаджаліся спадарожным ветрам і былі карацейшымі, чым палёты на месца гнездавання. Даволі значнай была і вышыня пералётаў, якая вагалася ад 417 да 2890 м вышэй узроўню мора.
Калі падсумаваць атрыманыя дадзеныя, лясныя зімародкі стараюцца трымацца ў месцах, дзе адбываюцца дажджы і расце буйная зялёная расліннасць. Хутчэй за ўсё гэта звязана з большай даступнасцю здабычы ў такіх месцах, на якую гэтыя птушкі палююць, але магчымыя і іншыя тлумачэнні - птушкі не любяць сухое і гарачае надвор’е. Такім чынам, такія ўнутрыкантынентальныя афрыканскія далёкадыстанцыйныя міграцыі вельмі падобныя да сезонных міграцый птушак у Паўночным паўшар’і і могуць сустракацца ў нашмат большай колькасці відаў, чым меркавалі дагэтуль.
Крыніца: Rime, Y. et al. 2025. Small intra-tropical long-distance migratory birds track rainy seasons across hemispheres. Proc Biol Sci. 292 (2039): 20242633. DOI:10.1098/rspb.2024.2633
Паводле https://royalsocietypublishing.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з https://en.wikipedia.org
На гэтую тэму:
Нечаканае адкрыццё ў Мексіцы: некаторыя мігранты гняздуюць там другі раз пад час міграцыі!
Нашы птушкі вяртаюцца з тропікаў, каб пазбегнуць тамтэйшых хваробаў?
За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ