Сіняхвосткі, якія гняздуюць у Фінляндыі, на крутым пад’ёме

сіняхвостка

Гняздуючая папуляцыя сіняхвосткі (Tarsiger cyanurus) у Фінляндыі значна павялічылася за апошнія гады і апошняя ацэнка колькасці віда для 2019-24 гг. - гэта ажно 13 тысяч пар!

Гэта вельмі значны пад’ём у параўнанні з папярэдняй ацэнкай у 1500 пар для 2013-18 гг.. У 2021 г. пад час правядзення ўлікаў толькі на ўсходзе і паўночным усходзе краіны было адзначана мінімум 1230 спяваючых самцоў. Фінляндыя прадстаўляе найбольш заходнюю мяжу арэалу віда, дзе сіняхвосткі гняздуюць у вільготнай тайзе з перавагай старых і прысутнасцю мёртвых дрэваў, і глебай, пакрытай імхамі.

Першая рэгістрацыя віду на гнездаванні ў Фінляндыі адбылася ў 1971 г. у мясцовасці Kuusamo і сіняхвосткі заставаліся рэдкімі ў наступныя дзесяцігоддзі, калі адзначалі толькі па некалькі тэрытарыяльных самцоў. Потым памер мясцовай папуляцыі павялічыўся, але колькасць птушак мела выразныя флуктуацыі. Так, на ўсходзе і паўночным усходзе краіны для 2010 г. колькасць спяваючых самцоў ацэньвалася ў больш 400 асобін, у 580 у 2012 і менш 300 у наступныя гады.

Негледзячы на падобныя флуктуацыі, яўна заўважны трэнд на павелічэнне колькасці. Але від застаецца са статусам ‘уразлівы’ (Vulnerable) з-за таго, што большасць папуляцыі сканцэнраваная ў мясцовасцях Kuusamo, Kuhmo і іншых на ўсходзе і паўночным усходзе Фінляндыі.

Як мінімум часткова змены звязаны з распаўсюджаннем на захад адпаведных для гнездавання біятопаў і, магчыма, пацяпленнем клімату. Так, выразна цяплейшыя вёсны ў апошнія гады дапамаглі віду ў экспансіі. Аднак дагэтуль невядома ці ўсе змены ў біятопах будуць карыснымі для віда ў доўгатэрміновай перспектыве.

Іншыя таёжныя віды птушак дэманструюць у Фінляндыі супрацьлеглыя трэнды: беласпіны дзяцел (Dendrocopos leucotos) павялічыў велічыню папуляцыі з прыкладна 230 да 500 пар, тады як шэрагаловая сініца (Poecile cinctus) значна зменшыла велічыню сваёй.

Паводле Ornithomedia падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Собалева

 

На гэтую тэму:

Сіняхвостка – доўгачаканы новы від птушак, адзначаны для Беларусі

Прапанаваны два новыя віды сіняхвостак

РЭКОРДНЫ ГНЕЗДАВЫ СЕЗОН У СІНЯХВОСТАК З ФІНЛЯНДЫІ – ЧАКАЙМА НОВЫ ВІД ДЛЯ БЕЛАРУСІ?