Прапанаваны два новыя віды сіняхвостак

У апошнія гады, дзякуючы ўсё больш шырокаму выкарыстанню сістэматыкамі філагенетычных метадаў даследаванняў, яны ўсё часцей прапануюць змены статусаў у розных таксанамічных групах птушак. Не выключэнне і Кітайска-Гімалайскі горны зоагеаграфічны рэгіён, дзе параўнальна нядаўна былі зацвержаны выдзяленні некалькіх крыптычных відаў птушак.

Вялікая каманда навукоўцаў нядаўна зрабіла комплекснае даследаванне генетычнай разнастайнасці прадстаўнікоў роду сіняхвостак Tarsiger  як у цэлым, так і ў Кітайска-Гімалайскім рэгіёне. Сіняхвосткі (Tarsiger) – гэта род невялікіх і ярка афарбаваных птушак з сямейства Валасяніцавых Muscicapidae.

На аснове мульцілокусных параўнанняў генетыпаў, вакалізацыі, адрозненняў у афарбоўцы і морфаметрыі птушак усіх 11 падвідаў усіх 6 відаў, якія прызнаюцца сістэматыкамі на сённяшні дзень, навукоўцы выявілі ізаляваныя папуляцыі ў цэнтральна-паўночнай частцы Кітая (звычайнай) сіняхвосткі Tarsiger cyanurus. Раней яны былі апісаныя як падвід albocoeruleus, які, аднак многімі сістэматыкамі не прызнаваўся валідным, і цяпер былі знойдзены яўна заслугоўваючым асобнага відавога статуса на аснове значных генетычных і адрозненняў у вакалізацыі. Аднак марфалагічныя адрозненні новаапісанага віда ад блізкіх форм параўнальна нязначныя.

Акрамя гэтага, былы тайваньскі эндэмічны падвід T. indicus formosanus выразна адрозніваецца і генетычна, і марфалагічна, і па вакалізацыі як ад T. i. indicus, так і ад T. i. yunnanensis з Кітайска-Гімалайскага горнага рэгіёну і таксама заслугоўвае асобнага відавога статусу.

філагенетычнае дрэва

Філагенетычнае дрэва розных формаў роду Сіняхвостак Tarsiger, з прыкладным часам адасобленага развіцця адна ад адной, з Wei et al. 2022

Такім чынам, даследчыкі прапануюць два новыя віды: тыбецкая сіняхвостка ‘Qilian BluetailT. albocoeruleus і тайваньская сіняхвостка ‘Taiwan Bush RobinT. formosanus, i род сіняхвостак павялічыцца да 8 сучасных відаў.

-------------------------

Дагэтуль у Беларусі (звычайная) сіняхвостка (T. сyanurus) была адзначана тройчы – на станцыі кальцавання “Сасновы бор” увосень 2021 году штораз лавілі па адной птушцы ў розныя дні верасня.

Крыніца: Wei Ch. et al. 2022 Cryptic Species in A Colorful Genus: Integrative Taxonomy of the Bush Robins (Aves, Muscicapidae, Tarsiger) suggests Two overlooked Species. Molecular Phylogenetics and Evolution 175: 107580. https://doi.org/10.1016/j.ympev.2022.107580

Паводле www.sciencedirect.com (тэкст і ілюстрацыі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Сіняхвостка – доўгачаканы новы від птушак, адзначаны для Беларусі

У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга

Новы від цвыркуна апісаны ў Кітаі

АПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК – АМАНСКАЯ САВА

НОВЫ ВІД ПТУШАК АПІСАНЫ НА ФІЛІПІНСКІХ АСТРАВАХ

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !

Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах

Новы від птушак адкрыты на Барнэа

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ Ў ЛАОСЕ

НОВЫ ВІД ПТУШАК, ЯКІ МІМІКРЫРУЕ ПАД ЎЖО ВЯДОМЫ, АПІСАНЫ Ў БРАЗІЛІІ