Кожныя пяць гадоў Шведзкі аграрны ўніверсітэт (SLU (Swedish University of Agricultural Sciences) абнаўляе Чырвоную кнігу Швецыі - у яе уключаюць віды, якім пагражае знікненне ў краіне. Абнаўленне афіцыйна адбудзецца толькі вясной будучага году, але ўжо цяпер былі апублікаваныя прапанаваныя змены ў спісы асноўных таксонаў. Сярод птушак найбольшы непакой выклікаюць совы. Белую саву (Bubo scandiacus) і сіпуху (Tyto alba) прапануецца прызнаць зніклымі ў Швецыі на гнездаванні.
На Швецыю прыходзіцца самы паўночна-усходні край арэалу сіпухі, апошняе гнездаванне якой у гэтай краіне было адзначана ў 2003 годзе, хаця рэгістрацыі асобных птушак працягваліся яшчэ да 2022 г., калі адна з сіпух назіралася па паўвостраве Falsterbo.
Для белай савы ўсё выглядае нашмат горш - від знікае па ўсёй Еўропе, апошні пацверджаны выпадак гнездавання ў Швецыі адбыўся ў 2015 годзе. Хаця белыя совы ўсё яшчэ гняздуюць у Нарвегіі, там сітуацыя віда даволі складаная.
“Раней мы разважалі пра ‘гады лемінгаў’” - сказаў Mikael Svensson, біёлаг з SLU Species Data Bank. “Тады адбываліся пікі колькасці грызуноў прыкладна кожныя чатыры гады. Аднак гэтыя цыклы ‘зламаліся’ ў пачатку 1980-х гг. Гэта мела вялізарнае ўздзеянне на белую саву і іншых драпежных птушак у гарах.”
Хаця прычына ці прычыны фактычнага знікнення цыклаў колькасці грызуноў да канца не зразумелыя, навукоўцы лічаць, што змена клімату можа быць адной і нават галоўнай з іх. Грызунам узімку неабходна стабільнае снежнае покрыва, пад якім яны будуюць сабе складаную сістэму пераходаў. Аднак калі снег то растайвае, то зноў замярзае, на зямлі ўтвараецца ледзяная корка, пад якой немагчыма ні схавацца, ні рухацца. А без грызуноў совы трацяць сваю асноўную крыніцу ежы.
На жаль, яшчэ адзін від соваў, хаця яму толькі пагражае знікненне - сава-бярозаўка (Surnia ulula), якая ўпершыню мае трапіць у Чырвоны спіс Швецыі.
Паводле https://swedenherald.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак савы-бярозаўкі - Hanna Pomorska
На гэтую тэму:
Белая сава прызнаная відам, якому пагражае рэальнае знікненне
Каб пазбегнуць турбавання белых соваў, групы ў сацсетках забаранілі размяшчаць у сябе іх здымкі
Белая сава ў Гішпаніі: патройная сенсацыя
Белыя совы ў Гішпаніі: ізатопны склад пер’я даказаў іх дзікае паходжанне
Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ