Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной

Не гледзячы на тое, што белае апярэнне на фоне снегу надае белым совам (Nyctea scandiaca) камуфляжныя ўласцівасці, вынікі новага даследавання кажуць пра тое, што яно працуе таксама як выдатны тэрытарыяльны сігнал.

Аўтары артыкулу ў часопісе Ibis сцвярджаюць, што белае апярэнне сігналізуе іншым совам гэтага ж віду, што гэта тэрыторыя “ўжо занятая”. Каманда орнітолагаў з Гішпаііі і Канады праводзіла маніторынг афарбоўкі апярэння, арыентацыі і вышыні месцазнаходжання белых соваў, якія сядзелі на сваіх гнездавых тэрыторыях у паўднёвым Саскэтчаване (Канада) і параўноўвалі атрыманыя вынікі за больш чым 10 гадоў. Яны заўважылі, што птушкі паварочваюцца на працягу дня тварам да сонца і змяняюць сваё месцазнаходжання на прысадзе так, каб быць найбольш заўважнымі. Дарослыя птушкі пераважна белыя, пры чым старэйшы ўзростам самец мае бялейшае апярэнне.
З-за таго, што белы колер мае выдатныя рэфлектыўныя для святла ўласцівасці, вялікія белыя птушкі, якія ўзвышаюцца над лініяй далягляду над роўнай паверхняй, павінны быць заўважныя здалёк. Цікава, што самі па сабе вялікія адлюстроўваючыя святло ўласцівасці ярка-белага апярэння бліжэй да снегу ўзмацняюцца дзякуючы і яго белізне. Параўнанне паводзін соваў з розным апярэннем – ад чыста белага да амаль на палову карычневага паказала, што чыста белыя птушкі стараюцца займаць прысады больш нізкія і часта сядзяць непасрэдна на снезе,  чым больш цёмныя птушкі. Апошнія для таго, каб быць заўважанымі здалёк, сядаюць на дрэвы, слупы электраперадач ці скалы. 
Каб мець магчымасць паварочвацца тварам да сонца, ў белых соваў утварыліся густыя, доўгія і жорсткія пёры-вейкі на тваравым дыску, якія дапамагаюць зменшыць яркае святло, якое трапляе ў вочы  і даюць магчымасць добра бачыць нават супраць сонца.
 

Поўная назва артыкулу:
Bortolotti, G R, Stoffel, M J and Galván, I. (2011). Wintering Snowy Owls Bubo Scandiacus integrate plumage colour, behaviour and their environment to maximise efficacy of visual displays. Ibis 153: 134-142.
 

Паводле www.birdwatch.co.uk і www.news.bbc.co.uk (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by