
Адной з вялікіх сенсацый для еўрапейскіх назіранняў птушак у 2021 годзе сталі рэгістрацыі ажно трох белых соваў (Bubo scandiacus), адзначаных у Гішпаніі, якія сталі адпаведна першай, другой і трэцяй рэгістрацыямі віда для гэтай краіны. Дзякуючы выкарыстанню сучасных метадаў даследавання цяпер атрымалася даказаць (як мінімум для большасці з іх) дзікае паходжанне птушак.
Даволі даўно адбываюцца спрэчкі і абмеркаванні магчымасці залётаў белых соваў у Заходнюю Еўропу пры дапамозе караблёў (ship-assisted vagrancy). У лістападзе 2021 году для гэтага з’явіўся яшчэ адзін повад - на поўначы Гішпаніі былі адзначаныя тры розныя асобіны гэтага арктычнага віду птушак. Пазней 2 з 3 соваў былі знойдзены мёртвымі і атрымалася не толькі правесці іх ускрыццё post-mortem для вызначэння прычынаў смерці, але і зрабіць ізатопны аналіз іх пер’я каб пацвердзіць або абвергнуць іх дзікае паходжанне.
Контурнае апярэнне з цела і махавыя аналізаваліся на прапорцыі дэйтэрыя, які з’яўляецца індыкатарам шыраты, дзе яны выраслі. У абодвух птушак былі знойдзены вельмі негатыўныя значэнні delta для дэйтэрыя (δ2Hf): –108.21 (N = 3, sd = 0.44) і –132.22 (N = 3, sd = 0.56) для самкі і самца адпаведна. Больш за тое, у адной птушкі былі моцна выражаныя вынікі працяглага галадання, у другой жа вызначаны aspergillosis. Усё гэта разам пацверджвае залёт гэтых птушак пры дапамозе караблёў і выключае магчымасць іх уцёкаў з нейкай гадоўлі ці заапарку з Заходняй Еўропы.
Крыніца: Gutiérrez-Expósito, C., de Vega, L., Sangari, F.J., Pérez de Ana, J.M., Fayos, M. & Arce, F. (2025). Stable isotopes support a wild origin for Snowy Owl Bubo scandiacus records in Spain in Autumn 2021. Ardeola, 72: 281-287.
Паводле https://bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Белая сава ў Гішпаніі: патройная сенсацыя
Каб пазбегнуць турбавання белых соваў, групы ў сацсетках забаранілі размяшчаць у сябе іх здымкі
Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной
Белая сава прызнаная відам, якому пагражае рэальнае знікненне
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ