Сіпухі: плюсы і мінусы рознай афарбоўкі

сіпуха

Сіпуха (Tyto alba) - адзін з самых шырока распаўсюджаных відаў соваў, які мае 10 падвідаў і ў дадатак каляровыя морфы. Адны з сіпух з больш рудым апярэннем, іншыя ж амаль белыя знізу цела. Адносна гэтых апошніх здаўна снавала пытанне: якія перавагі яны могуць мець пад час паляванняў уначы?

Справа ў тым, што сіпухі амаль выключна начныя драпежнікі, якія палююць на дробных млекакормячых, перад усім на грызуноў. Іх поспех паляванняў залежыць ад нечаканасці атакі, таму, здавалася б, совам выгадна мець камуфляжную, а не яркую афарбоўку. Тым не менш апошняе даследаванне паказала, што розная афарбоўка апярэння можа мець свае перавагі ў розных умовах начнога асвятлення.

Аказалася, што сіпухі з рудым і з белым нізам цела не палююць аднолькава. Самцы сіпух з белай афарбоўкай апярэння пад час цёмных начэй пазбягаюць адкрытых прастораў, аднак у светлыя ночы, калі месяц знаходзіцца ў поўні або набліжаецца да яе, такія птушкі стараюцца выкарыстоўвываць незацененыя і добра светленыя месцы. Яны і найбольш актыўныя ў светлыя ночы, у адрозненне ад цёмна афарбаваных птушак.

З дапамогай спецыяльных камер вялікай камандзе швайцарскіх даледчыкаў атрымалася запісаць у прыродзе 17 600 атак на патэнцыйную здабычу 69 самцоў, якія агулам палявалі на працягу 354 начэй пад час вырошчвання птушанят. Нягледзячы на тое, што поспех кожнай атакі не адрозніваўся ў залежнасці ад месяцовага градыенту ў самцоў з рудай і светлай афарбоўкай, апошнія лавілі больш здабычы на працягу ночы з-за больш кароткіх прамежкаў паміж атакамі пры яркім святле месяца.

Калі белая знізу сіпуха атакуе, асветленая месяцам, святло, якое адбіваецца ад яе жывата, значна змяншае кантраст паміж птушкай і светлым небам. У выніку грызун можа ўбачыць драпежніка пад час яго атакі толькі з невялікай адлегласці.

Крыніца: Schalcher, K., Millet, E., Séchaud, R., Bühler, R., Almasi, B., Becciu, P., & Roulin, A. 2026. Barn owl color morphs hunt differently in moonlight. Curr Biol; 36 (12): 3077-3087.e4 DOI: 10.1016/j.cub.2026.05.020

Паводле https://pubmed.ncbi.nlm.nih.gov падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак -  Andrzej Smolinski

 

На гэтую тэму:

Птушаняты сіпухі змагаюцца за ежу … голасам!

Самая старая брытанская сіпуха жыве і размнажаецца

Cовы не глохнуць з узростам?

Два віды соваў зніклі ў Швецыі і яшчэ адзін прапанаваны ў Чырвоную кнігу краіны