Даследчыкі з Каралеўскага таварыства абароны птушак (RSPB) на працягу 15 гадоў (у 2010-24 гг.) у тым самым месцы на паўднёвым захадзе Вялікабрытаніі акальцавалі 190 чорных свіргулёў (Apus apus), якіх потым рэгулярна пераадлаўлівалі ў гнездавых скрынях або ў момант іх вылету з іншых месцаў гнездавання.
За гэты час атрымалася адсачыць 243 спробы гнездавання, у якіх 91 свіргуль удзельнічаў шмат гадоў. У 216 выпадках гнездавання, у якіх удзельнічала хаця б адна асобіна, якую адлаўлівалі на працягу некалькіх гадоў, 94,5% выкарыстоўвалі тое самае месца гнездавання. Сярод 213 выпадкаў гнездавання з удзелам птушак, якіх адлавілі ў наступныя гады, 94,3% паўторна карысталіся тым самым гняздом, што і ў папярэдні сезон.
‘Вернасць’ да месца гнездавання паміж паслядоўнымі гадамі была значна меншай, калі шчыльнасць калоніі павялічвалася, аднак яе нельга было прадказаць паводле дадзеных пра узрост птушак, якія ўдзельнічалі ў дадзеным сезоне ў гнездаванні і па іх поспеху размнажэння ў папярэдні сезон.
З 36 пар, якія стваралі тыя самыя партнёры, 89% займалі тое самае месца гнездавання. У 168 выпадках, у якіх былі індывідуальна ідэнтыфікаваныя абодва партнёры, 39 пар размнажаліся ў тым самым складзе на працягу некалькіх гадоў. З 55 пар, якія гнездавалі з тым самым партнёрам два сезоны запар, на трэці 94,5% заставаліся вернымі і толькі 5,5% змянілі партнёра.
"Мы ўжо даўно падазравалі, што свіргулі вяртаюцца на тое самае месца гнездавання і да таго ж партнёра кожную вясну” - сказаў Malcolm Burgess, даследчык з RSPB. "Аднак упершыню ў нас атрымалася задакументаваць гэта.”
Гэтыя дадзеныя былі атрыманы ў крытычны для брытанскай папуляцыі віда час: з 1995 г. колькасць чорных свіргулёў зменшылася ў Вялікабрытаніі на 70% і як мінімум частка стратаў звязана са знікненнем месцаў гнездавання ў старых будынках з-за іх уцяплення ізаляцыйнымі матэрыяламі і рамонтаў.
Крыніца: Burgess M D et al. 2026. High fidelity to nest sites and partners in the Common Swift Apus apus. Bird Study. DOI: doi.org/10.1080/00063657.2026.2675716
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Рэліктавым папуляцыям чорных свіргулёў патрэбны старыя дрэвы
Чорны свіргуль – Need for Speed!
Новыя рэкорды чорных свіргулёў пад час міграцыі
Свіргулі: народжаныя, каб жыць у паветры
5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!
Ці магчыма цалкам кампенсаваць птушкам страту гнёздаў пасля мадэрнізацыі будынкаў?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ