Маладыя малыя лебедзі выжываюць значна горш калі застаюцца без бацькоў

малы лебедзь

Малыя лебедзі (Cygnus columbianus) першага году жыцця пасля таго, як па нейкай прычыне страцілі дагляд бацькоў, мелі большую смяротнасць або пачыналі вясновую міграцыю значна пазней за маладых птушак з ‘нармальных’ сем’яў.

Вялікая каманда даследчыкаў з Нідэрландаў, ЗША і Германіі з дапамогай GPS перадатчыкаў адсочвала перамяшчэнні 55 малых лебедзяў з 12 поўных сямейных груп, роднасныя адносіны ўнутры якіх вызначылі з дапамогай аналізу ДНК.

Малыя лебедзі гняздуюць у тундры расійскай Арктыкі, пасля яго частка ляціць на зімоўку ў Нідэрланды і суседнія краіны Заходняй Еўропы. Звычайна сем’і з птушанятамі застаюцца разам як мінімум да пераадолення птушкамі паловы міграцыйнага шляху наступнай вясной.

Тым не менш, 10 з 24 птушанят пад час зімоўкі страцілі кантакт са сваімі бацькамі. У большасці выпадкаў прычынай гэтага стала турбаванне птушак пад час харчавання і адпачынку, уключна з правядзеннем паляванняў на трэрыторыі прыродных рэзерватаў. Па выніках календарнага году як адзін з самых важных вынікаў выжывальнасць застаўленых без нагляду бацькоў птушанят склала 40%, тады як у тых, што заставаліся ў сям’і, яна была 86%. Тыя ж птушаняты, што выжылі без бацькоў, пачыналі сваю вясновую міграцыю на месяц пазней за тых, што былі пад наглядам бацькоў, прычым некаторыя лебедзі з першай групы загінулі як раз пад час вясновай міграцыі.

Адзін з птушанят, маці якога была застрэлена, паляцеў у Вялікабрытанію, дзе далучыўся да іншай сям’і перш, чым пачаць вясной міграцыю самастойна. Пазней ён далучыўся ў месцах гнездавання да свайго бацькі і пражыў мінімум 5 гадоў.

Крыніца: Linssen H. et al. 2026. Family life is critical for migration and survival in a long-lived social bird. Behavioral Ecology and Sociobiology. DOI: 10.1007/s00265-026-03787-5

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

За 25 гадоў колькасць малых лебедзяў на зімоўцы ў Еўропе зменшылася напалову

Дзе канкрэтна ім зімаваць малыя лебедзі выбіраюць на аснове надвор’я пад час міграцыі

Усё менш малых лебедзяў зімуе ў Брытаніі, усё больш - у Заходняй Еўропе

Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?

Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі

Усё менш малых лебедзяў зімуюць у Вялікабрытаніі і Ірландыі

Малых лебедзяў стала мала

Германія – новае важнае месца зімоўкі малых лебедзяў